Маці Аляксандра Коржыча намераная спаткацца з Аляксандрам Лукашэнкам


Менскі абласны суд агучыў вырак сяржантам Яўгену Бараноўскаму, Антону Важэвічу і Ягору Скуратовічу: 9, 7 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Іх прызналі вінаватымі ў давядзенні да самагубства шарагоўца ў Печах. Аднак ці расставіў гэты прысуд усе кропкі над «і» у смерці жаўнера?

22 гады пазбаўлення волі на трох з канфіскацыяй маёмасці – за хабар і дзедаўшчыну. Суд палічыў, што сваймі дзеяннямі сяржанты Скуратовіч, Бараноўскі і Вяжэвіч справакавалі самагубства падначаленага ім Аляксандра Коржыча. Сваю віну асуджаныя прызналі толькі часткова.

«Абвінавачаныя фактычна ўчынілі беззаконне сярод вайсковаслужбоўцаў маладога папаўнення, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе самагубства шарагоўца Коржыча», – каментуе пракурор Юрый Шарснёў.

Аднак ці самагубства? Шэраг пытанняў, якія гучалі ўсе гэтыя тры месяцы ў судзе, гэтак і засталіся без адказу. Чаму Коржыча ніхто не шукаў цягам тыдня, калі жаўнер знік з медычнай роты? Чаму яго трымалі ў медычнай частцы пад вартаю? Як шараговец здолеў засіліцца ў памяшканні без святла, не забрудзіўшы нават адзення? І самае галоўнае: ці мог самагубца перад смерцю звязаць сабе ногі ды накінуць на галаву кашулю?

«З гэтым забойствам-самазабойствам я не згодная, бо ўсе размовы – і я гатовая была заплаціць любыя грошы – бо Сашу трымалі як закладніка», – сцвярджае Святлана Коржыч, маці Аляксандра Коржыча.

Смерць шарагоўца Коржыча ў Печах у кастрычніку летась выклікала рэзананс у грамадстве. Пра выпадкі дзедаўшчыны, гвалту і здзекаў распавялі сотні дэмабілізаваных, а гібель жаўнера 72-га вучэбнага цэнтру каля Барысава зрабілася штуршком, каб распачаць дзясяткі крымінальных справаў адносна нестатутных дачыненняў у войску. Справу Аляксандра Коржыча на асабісты кантроль узяў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка:

«Я не зношу, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі».

У выніку толькі за першае паўгоддзе 2018-га ў Беларусі за дзедаўшчыну асудзілі 28 асобаў. Сёлета ў кастрычніку турэмныя тэрміны атрымалі таксама прапаршчык і старэйшы лейтэнант з роты Коржыча – Артур Вірбал і Павел Сукавенка. У Печах усталявалі відэаназіранне, жаўнерам дазволілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, хоць выпадкі самагубства ў войску гэтак і не скончыліся.

Сённяшні прысуд мусіў паставіць кропку ў гэтай справе. Мы спыталі менчукоў, ці вераць яны, што рашэнне зменіць айчыннае войска да лепшага?

«Хацелася б, каб паўплывала, але, думаю, наўрад ці».

«Можа, дзедаўшчына і не знікне, але ва ўсялякім выпадку не ў такім выглядзе будзе існаваць».

«Для таго, каб нешта змяніць, трэба рэфармаваць нейкім чынам сістэму».

З прапановаю рэфармаваць айчыннае войска, зрабіць казармы больш адкрытымі для грамадства выступілі і апазіцыйныя палітыкі, якія спачатку патрабавалі адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова, а пазней асабіста сустрэліся з ім, каб паразмаўляць, сярод іншага, і пра шляхі развязання праблемы дзедаўшчыны.

«Ваеннае міністэрства – дастаткова замкнёная структура, якой яна была і якой яна застаецца. І тут не трэба спасылацца на практыку савецкіх часоў, бо сучаснае еўрапейскае войска паказвае, што яно можа быць адкрытым для грамадства», – каментуе Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду».

І толькі дзякуючы незалежным медыям справа Коржыча сталася адкрытаю для ўсіх. Аляксандр, якому быў толькі 21 год, марыў годна адслужыць і вярнуцца дадому. Аднак ці сапраўды цяпер – усё? Маці жаўнера, якая мяркуе, што ейнага сына забілі, мае намер сядзець каля Адміністрацыі прэзідэнта да таго часу, пакуль не сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Віталь Бабін, belsat.eu