Маці-328 трапілі да генпракурора


Пасля разносу Лукашэнкі ў жніўні, калі ён абвінаваціў сілавікоў у фальсіфікацыі справаў паводле 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу, для сваякоў асуджаных адкрыліся новыя магчымасці. Генеральны пракурор запрасіў актывістак Руху маці 328 на двухгадзінную сустрэчу.

Ліяна Шуба спрабавала трапіць да генпракурора яшчэ ўзімку, але пастаянна атрымлівала адмовы. Маўляў, не прайшла ўсіх патрэбных інстанцыяў. Але, напісаўшы тры звароты, у тым ліку і да Лукашэнкі з просьбай асабіста яе прыняць, сустрэцца з генеральным пракурорам удалося.

«Мы прасілі Генеральную пракуратуру працягнуць працу над змяненнямі ў 328 артыкуле: адмена намеру на збыт, выключэння з Крымінальнага кодэксу паняцця «асабліва небяспечнае наркатычнае рэчыва», – кажа Ліяна Шуба, маці асуджанага паводле артыкулу 328.

Яшчэ адная з прадстаўніц руху сваякоў асуджаных Таццяна Канеўская распавяла, што яна ішла на сустрэчу не па абяцанні, але з канкрэтнымі пытаннямі. Аднак, кажа, дакладных адказаў не атрымала:

«Першае, што я запытала, гэта ці гатовы ён у такім выпадку адказваць за Аляксандра Рыгоравіча. На што мне адказалі: «Не, не! Я генпракурор і буду адказваць за сябе».

Падтрымаць Ліяну і Таццяну, а таксама выказаць сваё меркаванне прыйшлі яшчэ прыблізна 20 сваякоў асуджаных паводле наркатычнага артыкулу. Сярод іх – Сяржук Якушкін, бацька асуджанага паводле артыкулу 328. Мужчына адмыслова прыехаў з Мазыра, каб данесці да генеральнага пракурора сваю бяду:

«Важна, бо я добра ведаю, што мой сын, які адбывае дзіка вялікі тэрмін паводле трэцяй часткі артыкулу 328, ён невінаваты».

Былы суддзя Канстытуцыйнага Суда і доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў мяркуе, што пасля той самай жнівеньскай нарады ў Лукашэнкі праваахоўнікі сталі больш прыслухоўвацца да меркавання бацькоў асуджаных. Паводле яго, у хуткім часе некаторыя справы паводле артыкулу 328 могуць перагледзець:

«Я ўяўляю, што ў гэтых справах было шмат фактаў злоўжывання з боку органаў следства, парушэнняў у ходзе судовых разбораў і пры вынясенні прысудаў. Хочацца спадзявацца, што нейкія станоўчыя змены адбудуцца».

Пасля 4 гадоў змаганняў, сустрэчаў з уладамі на розных узроўнях і галадаванняў актывісты дамагліся паніжэння ніжняй планкі зняволення на два гады, а таксама амністыі для часткі асуджаных. Цяпер паводле звестак Руху маці 328 за кратамі паводле наркатычнага артыкулу застаюцца прыблізна 12 тысячаў чалавек.

Працягваць змагацца за іхныя правы некаторыя актывісткі хацелі б у якасці дэпутатаў, таму балатуюцца ў парламент. Але і ад акцыяў не адмаўляюцца. Найбліжэйшая адбудзецца 6 кастрычніка.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu