Маці-328 плануюць займацца адаптацыяй былых вязняў

Маці 328 працягваюць змагацца за лёс сваіх блізкіх і хадзіць на сустрэчы да чыноўнікаў. Сёння яны патрапілі да міністра унутраных справаў Юрыя Караева. На сустрэчы ўздымаліся розныя тэмы: ад дапамогі былым вязням адаптавацца на волі да чарговай амністыі. Як складаецца жыццё былых вязняў 328 у Беларусі?

Менчука Рыгора асудзілі да двух гадоў гэтак званай хатняй хіміі паводле наркатычнага артыкулу 328. Пазней за парушэнне рэжыму на 11 месяцаў перавялі ў калонію.

«Паміж сабой дзецюкі сябе разумеюць, бо яны, можна сказаць, «у тэме». Інакш ставяцца канваіры і гэтак далей. Больш дакладна даглядаюць пасылкі, якія да іх прыходзяць. Напэўна, меней патуранняў, чым для асуджаных паводле іншых артыкулаў», – распавядае ён.

Да калоніі Рыгор працаваў кухарам. Кажа, што, калі выйшаў на волю, працу знайсці яму не было складана – на рынку шмат прапановаў. Цяпер ён працуе ў адным з менскіх бараў. Сваю судзімасць ні ад каго не хавае, у тым ліку ад працадаўцаў.

«Мяне наўпрост запыталі, ці было нешта такое. І я адказаў: «Так». І аднесліся яны даволі лаяльна».

Іншая сітуацыя можа быць з тымі былымі вязнямі, якія да зняволення не атрымалі запатрабаванай прафесіі або адбылі за кратамі працяглыя тэрміны. Васіль Завадскі, які не першы год займаецца правамі зняволеных, кажа, што падыходы да рэсацыялізацыі, то бок да вяртання вязняў да звычайнага жыцця мусяць быць перагледжаныя.

«Людзі, якія сядзяць за кратамі, яны вельмі розныя. Калі гаворка ідзе пра вязняў 328, то шмат з іх – нарказалежныя. Мы ведаем, што там, у месцах пазбаўлення волі, праца вельмі слабая з імі праводзіцца», – распавядае адмыслоўца.

Рэсацыялізацыя асуджаных – адная з тэмаў, якія перыядычна ўздымаюць маці асуджаных паводле артыкулу 328. Сёння пра яе актывісткі размаўлялі на сустрэчы з міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым. Марына Уладыка прапанавала міністру ўласны праект «Ад дому за руку».

«Я прапанавала куратара, які б займаўся ў калоніі з чалавекам, які хутка вызваліцца. Яму патрэбнае ўсё неабходнае: вопратка, дзесьці жыць, праца патрэбная. Калі чалавек доўга адседзеў, трэба аднаўляцца», – прэзентуе Марына сваю ідэю.

Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні перагляду ўнутранага распарадку ў калоніях, памілавання і амністыі. Маці, якія былі на сустрэчы, спадзяюцца, што супраца з міністэрствам не спыніцца. Пасля сустрэчы з Юрыем Караевым сваякі асуджаных плануюць і надалей працягваць працу і ў тым ліку сустракацца з прадстаўнікамі МУС.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»

Глядзі таксама