Матрона Маркевіч – аўтарка арнаменту на дзяржаўным сцягу Беларусі і жонка «ворага народу»


Ткачыха, жонка ворага народу, аўтарка арнаменту на дзяржаўным сцягу Беларусі. Да нядаўняга часу імя было невядома беларусам. Але з 2015 году ў Сянно, яе родным горадзе, нават устанавілі помнік у яе гонар. Нашчадкі зноў сабраліся на радзіме спадарыні Матроны, каб ушанаваць яе памяць.

1945 год. Беларуская ССР у шэрагу краінаў – заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Тагачасны сцяг нашай краіны мала адрозніваецца ад палотнішчаў іншых рэспублік саюзу. Таму пастанавілі дадаць нацыянальнага каларыту.

Працаўніца Акадэміі навук Беларусі Алёна Ляшкевіч кажа:

«Калі мы паглядзім ромбы, звычайна ромбы ўспрымаюцца як сімвал зямлі. Калі ромбы з кропачкамі – гэта засеяная ніва. Ну вось на дзяржаўным сцягу – там адзін ромб з кропачкай, ад яго адыходзяць такія кручкаватыя вусы. І некалькі ромбікаў проста маленькіх, пустых унутры. Хутчэй за ўсё гэта нейкі сімвал урадлівасці».

Легенда кажа, што аўтаркаю гэтага арнаменту была звычайная беларуская сялянка – Матрона Маркевіч. Ейны брат Міхаіл Кацер уваходзіў у групу для стварэння новага сцягу краіны. Ён і прапанаваў малюнак узору сястры, на падставе якога зрабілі і зацвердзілі праект. У ейным родным горадзе Сянно на Віцебшчыне Матрону Маркевіч памятаюць – створаная адмысловая экспазіцыя ў мясцовым музеі, нашчадкі жанчыны яе ўзбагачаюць.

«Я перадала ім, сярод іншага, гэтую сурвэтку. Вось гэты ручнік, вось гэта ткацтва бабуліна – некаторыя рэчы», – распавядае ўнучка спадарыні Матроны Дзіна Кацер.

Да нядаўняга часу пра Матрону Маркевіч нават не згадвалі, калі гаворка ішла пра гісторыю дзяржаўных сімвалаў. Рэч у тым, што ейны муж лічыўся ворагам народу і быў рэпрэсаваны ў 30-я гады. Дачка Матроны Маркевіч Зінаіда Пашкевіч кажа:

«За яго працу. А людзі не ўмелі працаваць, і людзям зайздросна было. І вось яго пасадзілі і ў Воршы расстралялі».

У апошнім адказе сваякам з архіваў КДБ пазначана, што Аляксей Маркевіч быў расстраляны як агітатар і праціўнік савецкай улады. Рэабілітавалі ж яго толькі ў апошнія гады існавання краіны Саветаў.

«У 1986 годзе мы атрымалі дакумент аб яго рэабілітацыі. Ён невінаваты», – кажа яго ўнучка.

Але дагэтуль невядома, дзе пахавалі Аляксея Маркевіча. Мяркуецца, што ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршаю, дзе расстралялі прынамсі 1740 чалавек.

«Трагічны лёс. Бабулін сцяг у космасе пабываў, а дзядуля ляжыць у бур’яне» – падводзе вынікі Дзіна Кацер.

Так і атрымалася, што цяпер нашчадкі сямʼі Маркевіч-Кацер, каб памянуць продкаў, курсуюць паміж помнікам бабулі, пабудаваным за арнамент на сцягу Савецкай Беларусі, і помнікам дзядулі, расстраляным савецкаю ўладаю.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu