Масленіца ў Азярцы: каша ад бабкі-павітухі ды іншыя забавы


Блінцы, фальклорныя песні і бабка-павітуха. У Музеі народнай архітэктуры і побыту сёння святкавалі Масленіцу. На развітанні з зімой у Азярцы прыйшло нямала людзей. І гэта нягледзячы на вірус і на тое, што зімы як такой сёлета не было.

Наведнікі свята тлумачаць, чаму прыйшлі:

«Мы любім вельмі бліны, з салам, з ікрой, з самагонкай»

– Якія масленічныя абрады вы ведаеце?

«Пахаванне Дзеда, ну, мы яго не бачылі, хочам пабачыць».

«Мы толькі бліны ямо з усіх гэтых абрадаў звычайна, можам падпаліць жанчыну саламяную, гэта максімум».

Бабка-павітуха частуе ўсіх перловай кашай:

«Кашу трэба есці, бо гэта загавораная каша на здароўе, на дабрабыт. Ну, калі паясі кашы, абавязкова замуж выйдзеш».

«Бабка-павітуха – гэта была на вёсцы такая бабка, якая прымала дзетак, раней жа радзільных дамоў не было. Бабку-павітуху на Масленіцу павінныя былі заўсёды пачаставаць», – кажа малодшая навуковая працаўніца музею Лідзія Малькевіч.

«Мы робім масла сёння, прашу далучыцца. Вазьміце, калі ласка, вось крыжачок-ручку. Гэта маслабойка. Наліта малако, пачынайце варушыць ручкамі», – запрашае малодшы навуковы працаўнік музею Вячаслаў Красулін.

– Вось так вось рабілі масла?

– Так рабілі яшчэ ў гэтым стагоддзі нават, падыходзілі людзі, якія казалі, што ў дзяцінстве ўзбівалі гэтак масла.

Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі Масленіцу святкавалі цэлы тыдзень ажно да даравальнай нядзелі. Елі мяса, пілі гарэлку, а ў панядзелак ужо пачынаўся вялікі пост. Заўтра паводле традыцыі трэба прасіць прабачэнні адзін у аднаго.

Наста Кахановіч, «Белсат»