Масквічы за права на свабодны і справядлівы выбар


Гэты ды іншыя лозунгі гучалі ў падтрыманне незалежных кандыдатаў, якіх не дапускаюць да выбараў у Маскоўскую гарадскую думу. У расейскай сталіцы сёння адбыўся мітынг «Права на выбар», арганізаваны Ліберальнай партыяй.

«Улада не хоча, каб дэпутаты прайшлі, таму што трэба прыкрываць уладу, трэба прыкрываць распіл сродкаў, трэба прыкрываць беззаконне!»

«Я выходжу за свабоду слова і за права выбару».

Акцыі супраць выбарчага бязмежжа ў Маскве доўжацца ўжо тыдзень. Першыя пратэсты распачаліся 14 ліпеня, калі ў падпісных лістах незалежных кандыдатаў з’явіўся шэраг памылак. Ужо праз два дні акруговыя выбаркамы прызналі подпісы пяцідзесяці сямі незалежных кандыдатаў несапраўднымі і адмовілі ім у рэгістрацыі.

«Мы для іх не існуем, і цяпер мы мусім давесці адваротнае. Згодныя?», – казаў Аляксей Навальны, апазіцыйны палітык, Фонд барацьбы з карупцыяй.

Больш за тысячу выбарнікаў сталі на абарону сваіх кандыдатаў і напісалі заявы, каб іхныя подпісы залічылі. Гэтак людзі падтрымалі ў тым ліку Іллю Яшына, Дзмітрыя Гудкова і Любоў Собаль, аднак гэта на сітуацыю не паўплывала. На знак пратэсту паплечніца Аляксея Навальнага – Любоў Собаль – абвесціла галадоўку. Сёння яе падтрымлівалі плакатамі «Любовь нельзя запретить».

«Я хачу сказаць, што мы не здадзімся. Мы патрабуем допуску на выбары ўсіх незалежных кандыдатаў, якія сабралі подпісы і здалі іх у выбаркам», – адзначыла Любоў Собаль, вылучэнка на кандыдата ў Масгардуму.

Сённяшняя акцыя была ўзгодненая з уладамі і сталася адной з найбольш масавых у Маскве за апошні час. Толькі паводле падлікаў «Белого счетчика», у адведзеную на праспекце Сахарава зону прайшлі больш за дваццаць адну тысячу чалавек. Аднак яшчэ шмат людзей засталіся чакаць сваёй чаргі за рамкамі металашукальнікаў. Там жа затрымалі траіх чалавек.

Вынікам акцыі стаўся ўльтыматум, прапанаваны Аляксеем Навальным: або рэгіструеце кандыдатаў, і мы больш не выходзім, або працягваем пратэст.

Юлія Лабанава belsat.eu