Масквічы выйшлі на пратэст супраць зносу старых будынкаў

Ад 20-ці да 30-ці тысячаў масквічоў выйшлі на мітынг супраць зносу старых будынкаў у Маскве. На акцыю прыйшоў і палітык Аляксей Навальны, якога паліцыянты вывелі з акцыі. Не зважаючы на тое, што яна была дазволеная, прынамсі аднаго чалавека затрымалі.

«Па статыстыцы ў краіне, па-за Масквою, больш за 40 млн чалавек жывуць з «удобствамі на двары», як яны будуць глядзець на тое, што ў Маскве руйнуюць дамы», – кажа блогер Вячаслаў Мальцаў.

Паводле праекту рэнавацыі маскоўскага жытла, мільён шэсцьсот тысячаў чалавек будуць пераселеныя з хрушчовак у новыя дамы. Кошт пытання – амаль 100 мільярдаў расейскіх рублёў.

Але галоўнае пытанне да законапраекту аб рэнавацыі, які ўхвалілі ў першым чытанні дэпутаты расейскае Думы, – адсутнасць інфармацыі, якія менавіта будынкі з’явяцца на месцах хрушчовак. Бо ёсць розніца – жыць у 5-ці або 25-ціпавярховіку. Не прадугледжвае закон таксама развіцця інфраструктуры, адкрыцця новых школаў ці больніцаў.

«Наш дом адрамантавалі капітальна, а цяпер яго зносяць, навошта гэта рабіць – не зразумела», – пытаецца масквічка.

Жыхарка Масквы Кэры Гугенбергер уваходзіць у ініцыятыўную групу «Масквічы супраць зносу», якая сабрала больш за 20 тысяч подпісаў у сацыяльных сетках.

«Абяцаюць якасныя дамы, але ніхто не верыць, якасць гэтых дамоў будзе жудасная. Хрушчоўкі нашмат лепшыя», – кажа актывістка.

Паводле жыхароў маскоўскіх хрушчовак, самыя слабыя месцы ў іхным жытле – гэта праводка і трубы, але ўсё гэта можна замяніць дзякуючы звычайнаму капітальнаму рамонту. Перадусім «за» новае жытло выступаюць пенсіянеры ды людзі з нізкім узроўнем дастатку, якія дзесяцігоддзямі не рабілі рамонту ў сваіх кватэрах.

«Колькі нам тут яшчэ існаваць. Паглядзіце – навокал хмарачосы і побач з імі нашыя дамы – трушчобы», – мяркуе пенсіянерка Ніна Румянцава.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даручыў мэру Масквы Сяргею Сабяніну развязаць праблему гэтак, каб задаволіць усіх, але пакуль улады задавальняюць толькі інтарэсы будучых забудоўнікаў.

АН, «Белсат»

Тэгі: