Масква не абавязаная кампенсаваць Менску павышэнне коштаў расейскай нафты?


Масква не абавязаная кампенсаваць Менску павышэнне коштаў на расейскую нафту. Пра гэта сёння паведаміла расейскае МЗС. Пра бессэнсоўнасць Саюзнай дзяржавы для Беларусі без нафтавых субсідыяў напярэдадні заявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Ці зможа Менск жыць без субсідыяў, а Масква – без абяцанняў аб інтэграцыі?

Падатковы манеўр – гэта суверэннае права Расеі, таму казаць пра тое, што Масква мусіць скампенсаваць Беларусі павышэнне коштаў нафты «некарэктна» – заявіў намеснік міністра замежных справаў Расеі Грыгорый Карасін:

«Гаворка вядзецца пра магчымую дапамогу Беларусі ў змякчэнні наступстваў падатковага манеўру, які мы праводзім. Гэтае пытанне распрацоўваецца, яно будзе развязанае комплексна».

Комплексна – значыць у залежнасці ад вынікаў перамоваў аб паглыбленні палітычнай і эканамічнай інтэграцыі, якія Менск і Масква вядуць ужо 7 месяцаў, тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Масква заяўляе, што гэта яе нафта, гэта яе правілы, якія яна можа фармаваць як хоча. Раней яна фармавала такім чынам, каб вялікія грошы даставаліся беларускаму партнёру. Зараз яна лічыць, што гэтыя грошы беларускаму партнёру ўжо не варта аддаваць».

Гаворка пра 10 мільярдаў долараў за 6 гадоў – заявіў тры тыдні таму амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка. Ён пераконваў, што памер кампенсацыі бакі лічаць відавочным. Але Масква можа такога пераканання не падзяляць, кажа палітолаг Валерыя Касцюгова (аналітычны сайт «Наше мнение»):

«Гэта перамоўная пазіцыя – заявы пра тое, што кампенсацыя нам настолькі неабходная. І гэта правільна – сапраўды, трэба дабівацца найлепшых умоваў, якіх толькі ўдасца дамагчыся».

Падставы дамагацца таннай нафты і газу кіраўніцтву Беларусі дае дамова аб Саюзнай дзяржаве, падпісаная 20 гадоў таму. Эканомікі ды органаў улады Беларусь ды Расея так і не аб’ядналі. Таму Масква запрапанавала ацаніць, якія палажэнні дамовы можна рэанімаваць, а якія – не. Рэвізію Лукашэнка паабяцаў закончыць да снежня.

«Зараз няма падставаў меркаваць, што Аляксандр Лукашэнка пойдзе на нейкую сур’ёзную інтэграцыю, на тое, што можа зменшыць яго непадзельнае панаванне і ўладу над Беларуссю», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Таму энергетычныя субсідыі Масква будзе скарачаць – прагназуе Віталь Цыганкоў. Таннай нафты Саюзная дамова ўжо не дае, а пагрозу суверэнітэту надалей стварае – кажа дэпутатка Ганна Канапацкая. Прапанову дэнансаваць дакумент яна гатовая ўнесці на разгляд Палаты прадстаўнікоў, калі адпаведную петыцыю ў інтэрнэце падтрымаюць грамадзяне:

«У нас ужо ёсць дамова аб ЕАЭС, у рамках якой вырашаюцца ўсе тыя пытанні, якія немагчыма вырашыць у рамках Саюзнай дамовы. […] Дамова застаецца простай паперкай, якой расейскія ўлады спрабуюць шантажаваць Беларусь».

Без нафтавых субсідыяў Беларусь выжыве – пераконвае палітолаг Валерыя Касцюгова. Расея таксама перажыве развітанне з надзеямі стварыць Саюзную дзяржаву. Аднак дамовы пра яе Лукашэнка і Пуцін не скасуюць – перакананы Віталь Цыганкоў. Прапагандысцкі эфект ад пагаднення важнейшы за любыя грошы.

Аляксандр Папко, belsat.eu