Масква аб'явіла Менску новую энергетычную вайну


Масква прыпыніла выдачу Менску крэдытаў і хоча скасаваць шэраг энергетычных ільготаў. Пра гэта паведаміла агенцтва «Ройтэрз» са спасылкаю на пратакол аб зменах у неназванае двухбаковае пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй. Міністэрства фінансаў Расеі паспяшалася зняпраўдзіць, але толькі частку гэтых паведамленняў. Да чаго ж рыхтавацца?

Новыя незаконныя схемы рээкспарту расейскіх нафтапрадуктаў. Масква, як і 7 гадоў таму, уводзіць шэраг карных захадаў, каб спыніць удаваныя кантрабандавыя схемы.

Сярод іншага, як паведамляе агенцтва «Ройтэрз», са спасылкаю на ўнутраныя дзяржаўныя дакументы, якія трапілі да іх у рукі, Расея закідае Менску нелегальны рээкспарт вуглевадародаў і перастала пералічваць у беларускі бюджэт мыты за афіцыйны рээкспарт расейскай сыравіны. Калі ў другім паўгоддзі сітуацыя не зменіцца, то толькі на гэтым Менск, да канца года, страціць каля 400 мільёнаў долараў.

«Наступствы расейскіх рашэнняў для беларускай эканомікі будуць вельмі сурʼёзныя», – кажа Леанід Фрыдкін

эканаміст.

Беларусь з мінулага года атрымлівае ад Расеі 24 мільёны тонаў нафты, паводле цаны, якая – ніжэйшая за рынкавую на чвэрць. З іх 18 мільёнаў тонаў перапрацоўваецца на беларускіх НПЗ у нафтапрадукты, якія потым прадаюцца за мяжу. А яшчэ 6 мільёнаў тонаў Беларусь мае права рээкспартаваць, залічыўшы сабе ў бюджэт экспартавыя мыты. Апрача таго, для ўнутранага карыстання Менск мае права імпартаваць гатовыя нафтапрадукты з Расеі – таксама паводле льготнай цаны. Але Масква сцвярджае, што беларускія кампаніі не ўжываюць расейскія бензін і дызель, а перапрадаюць іх на Захад.

«Расейскі бок, відавочна, увязвае развязанне нафтагазавых пытанняў з развязаннем іншых палітычных, эканамічных і вайсковых пытанняў паміж Беларуссю і Расеяй», – мяркуе Аляксандр Муха, аналітык «businessforecast.by».

Як паведамляе «Тут.бай» са спасылкаю на дакументы «Белнафтахіму», Масква патрабуе ад Менску падпісаць гэтак званы баланс паставак. То бок, па сутнасці, – паабяцаць не займацца больш незаконным рээкспартам нафтапрадуктаў. Улады Беларусі на гэта не пагаджаюцца, таму Масква, апроч іншага, збіраецца прыпыніць працу над выдачаю Беларусі чарговых траншаў крэдыту ЕўразЭС і новага расейскага крэдыту агульнаю сумай паўтара мільярда долараў. Расейскі Мінфін паспяшаўся гэта зняпраўдзіць, але Еўразійскі фонд насамрэч прыпыніў выплаты Менску яшчэ летась.

«Не выключана, што гаворка можа таксама ісці аб прыватызацыі асобных беларускіх дзяржаўных актываў», – кажа аналітык «businessforecast.by».

Адмыслоўцы канстатуюць: прыбыткі ад рээкспарту расейскіх нафтапрадуктаў ідуць збольшага ў кішэні бізнесоўцаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі. Але валютавыя паступленні ад гэтага бізнесу ўмацоўваюць курс беларускага рубля. Калі названая схема будзе спыненая, плюс дапоўненая карнымі фінансавымі санкцыямі з боку Крамля, гэта можа выклікаць аслабленне беларускай валюты і нанесці істотны ўдар па фінансаванні сацыяльных праграмаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»