Маскоўская падмога Лукашэнку


На дапамогу Аляксандру Лукашэнку ў Менск прыляцеў расейскі прэм’ер. Міхаіл Мішусцін заявіў: «Неабходна цалкам выключыць вонкавае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі», – ды паабяцаў дапамагчы Лукашэнку разбірацца з унутранымі справамі Беларусі. Наўзамен за развязанне набалелых пытанняў.

Абараняць Беларусь ад вонкавага ўмяшання ў Менск прыляцелі 9 высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, улучаючы прэм’ера, міністраў энергетыкі, спорту і культуры.

«Гэткая дэлегацыя, па-першае, мусіць прадэманстраваць поўнае падтрыманне таго, што існуюць працоўныя кантакты, што Расея будзе дамаўляцца менавіта з Лукашэнкам. Па-другое, будуць прасоўвацца пытанні, звязаныя з «дарожнымі мапамі» ды коштамі на энерганосьбіты», – тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

У пытанні нафты Масква і Менск «дасягнулі ўсіх дамоўленасцяў», – зазначыў Міхаіл Мішусцін. Што гэта за дамоўленасці, кіраўнік расейскага ўраду не сказаў. «Прадметна абмеркаваць» развіццё Саюзнай дзяржавы прапанаваў расейскаму калегу прэмʼер Беларусі. Аднак гэты праект Крамлю можа быць не надта цікавы, кажа палітолаг Юры Царык:

«У Беларусі будзе адбывацца канстытуцыйная рэформа. Адначасова з канстытуцыйнай рэформай будзе адбывацца трансфер улады. Беларусь павінна застацца ў арбіце ўплыву Расейскай федэрацыі. Задача Расеі ў тым, каб рэзка скараціць стратэгічную аўтаномію Беларусі».

У масавых пратэстах, якія ідуць у Беларусі, Лукашэнка і Галоўчанка тым часам абвінавацілі «Заходнія сілы». Падрыўной дзейнасцю займаецца Варшава – наўпрост заявіла прэс-сакратар Расейскага МЗС Марыя Захарава. Ці згодныя з крамлём і афіцыйным Менскам беларусы?

«Не ведаю, па-мойму, тут наадварот Расея ўмешваецца».

«Людзі самі выходзяць на вуліцы і бяруць удзел у пратэстах. У гэтым не вінаватыя ані Расея, ані Захад. У гэтым вінаватыя толькі цяперашнія ўлады».

«Па-мойму, Аляксандр Рыгоравіч сам вінаваты. Што яшчэ тут каментаваць? Краіны Захаду нам, па-мойму, толькі дапамагаюць», – мяркуюць жыхары Віцебску.

Каб супрацьстаяць пагрозам з Захаду, Лукашэнка, паводле ўласнага прызнання, перамясціў «палову беларускай арміі» і «акружыў Горадню». Міхаілу Мішусціну ён публічна перадаў інфармацыю, нібыта здабытую беларускай выведкай.

«І мы перахапілі цікавую размову, якая (я вам дам пачытаць яе, мы падрыхтуем і накіруем у ФСБ) выразна кажа пра тое, што гэта фальсіфікацыя. Ніякага атручвання Навальнага не было», – сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.

Галава ўраду Беларусі давер да расейскага саюзніка пастанавіў прадэманстраваць іншым спосабам – на сабе выпрабаваць расейскую вакцыну ад COVID-19.

«Я рады, што Раман Аляксандравіч Галоўчанка пастанавіў сёння зрабіць вакцынаванне. Упэўнены, што ўсё будзе добра», – паведаміў прэмʼер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін.

Пасля візіту Мішусціна ў Менск мае адбыцца яшчэ адна расейска-беларуская сустрэча. Да Уладзіміра Пуціна ў Маскву паляціць Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Папко, «Белсат»