Надзвычайная сітуацыя па каронавірусу, гігіенічных масак не хапае

Каронавірус усё бліжэй. У Расеі выявілі дваіх хворых. Каб не дапусціць распаўсюду хваробы, Расея ўзмацніла кантроль на мяжы. Цяпер пры ўездзе ў Далёкаўсходнюю федэральную акругу кітайцаў і беларусаў будуць змяшчаць на 14-дзённы каранцін.

У Беларусі ажыятаж вакол масак! Іх разбіраюць у аптэках як вокам маргнуць. Усяму віною – смяротны вірус з Кітаю.

«Масак, на жаль, няма. Былі два дні таму, 150 штук атрымалі, усё разабралі», – пацвярджае фармацэўтка Наталля Прыжанкова.

Цяпер беларускія кампаніі выпускаюць больш за 100 тысячаў масак за дзень, паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя. І падкрэсліваюць, што «нашэнне маскі – гэта дадатковая крыніца засцярогі». Па-сапраўднаму маска неабходныя хворым, каб не распаўсюджваць інфекцыі. Фармацэўтка Людміла Неўмяржыцкая распавядае пра пакупнікоў:

«Кітайцы прыходзяць, просяць маскі-рэспіратары, гэтыя ім не падыходзяць. Хаця дзеянне яе дзве гадзіны, мяняць дзве гадзіны яе».

Сусветная арганізацыя здароўя напярэдадні прызнала распаўсюджванне новага каронавіруса міжнароднаю надзвычайнаю сітуацыяй. Пра гэта ў Жэневе заявіў генеральны дырэктар інстытуцыі Тэдрас Адханам Гебрэесус:

«Галоўная прычына нашага рашэння заключаецца не ў тым, што адбываецца ў Кітаі, а ў тым, што адбываецца ў іншых краінах. Нас больш непакоіць, што вірус можа трапіць у краіны са слабаю сістэмай аховы здароўя».

Тым часам у эпіцэнтры каронавіруса кіпіць праца на будоўлі спецыяльнага шпіталю. Вуліцы ж гораду Ўу-Хань пустыя. Зачынены рынак морапрадуктаў – той самы, які палічылі крыніцаю віруса.

Прадпрымальнікі з іншых рынкаў таксама занепакоеныя, кажуць, бізнес у заняпадзе. Прадавец мясцовага рынку садавіны Лі Цзюнь заклапочаны сітуацыяй:

«Інцыдэнт ва Ўу-Хані паўплываў на ўсіх. Ніхто не выходзіць з дому. Ніхто не выходзіць. Бізнесу няма».

Звесткі пра новыя выпадкі хваробы і рост колькасці ахвяраў з Кітаю прыходзяць безупынна. Прадстаўнік Нацыянальнай камісіі здароўя Кітаю Мі Фэн паведамляе:

«Нацыянальная камісія здароўя атрымала 9692 паведамленні пра пацверджаныя выпадкі захворвання ўва ўсіх правінцыях. Колькасць цяжка захварэлых складае 1527 чалавек. Смяротных выпадкаў – 213».

Расце і сусветная геаграфія захворванняў. Два выпадкі ў адной сям’і зафіксаваныя ў Вялікай Брытаніі. У нашых суседзяў – у Расеі – таксама наяўнасць каронавіруса пацвердзілі ў дзвюх асобаў.

«Выяўленыя двое хворых новаю інфекцыяй каронавіруса ў Забайкальскім краі і Цюменскай вобласці. Яны пад наглядам. Ізаляваныя. Ім аказваюць неабходную дапамогу. Абодва грамадзяне Кітаю», – кажа віцэ-прэм’ер Расеі Таццяна Голікава.

Беларусы сутыкаюцца з Кітаем даволі часта, у тым ліку праз пасылкі з «AliExpress». Ці бяспечныя яны? Прадстаўнікі кампаніі кажуць, што рызыкі перадачы віруса пры дотыку да тавараў не выявілі. А вось праблемы з дастаўкай узнікаюць. Паводле ўкраінскага агенцтва УНІАН, пакупнікі атрымліваюць просьбы адмяніць замову з-за эпідэміі.

«Я чакаю свае пасылкі. Думаю, нічога страшнага не здарыцца. Было б прыемна і надалей супрацоўнічаць з кітайскімі інтэрнэт-крамамі», – прызнаецца рамесніца Юлія Мялешка.

Што ж датычыць бяспекі, навукоўцы супакойваюць. Верагоднасць заражэння праз пасылку з кітайскай інтэрнэт-крамы вельмі малая: каронавірусы няўстойлівыя і адчувальныя да зменаў навакольнага асяроддзя.Сусветная арганізацыя здароўя на гандаль з Кітаем ніякіх абмежаванняў не накладала.

Анастасія Русецкая belsat.eu

Глядзі таксама