Маштабны пераслед праціўнікаў Лукашэнкі


Віктар Бабарыка распавёў пра маштабную кампанію пераследу чальцоў ініцыятыўнай групы, сяброў і нават былых кліентаў. Былы банкір лічыць крымінальныя справы шантажом і палітычным ціскам, але здымацца з выбараў не плануе.

Як распавёў «Белсату» Віктар Бабарыка, цяпер у ізалятары пад крымінальным следствам знаходзіцца даўняя сяброўка ягонай сям’і, каардынатар ініцыятыўнай групы па аднаму са сталічных раёнаў Святлана Купрэева. Яшчэ ў чацвер раніцай яе затрымалі дома, правялі ператрус і не далі нават узяць асабістыя рэчы.

«Мама яе моцна хвалюецца, я, як магу, яе супакойваю. І вось, здаецца, учора да яе прыходзілі людзі. З яе словаў, прадставіліся людзьмі з ЖЭСу і праводзілі паўторны ператрус і арышт маёмасці», – распавёў прэтэндэнт на ўдзел у выбарах.

Дзе дакладна Святлана Купрэева – ці ў Следчым ізалятары КДБ – ніхто не ведае. Дзяржаўныя органы інфармацыі аб затрыманні не даюць, пад нагодай небяспекі каронавіруса ў сустрэчы з адвакатамі адмоўлена, скаргі адвакатаў на незаконнасць утрымання проста праігнаравалі. Ёсць неафіцыйная інфармацыя, што Святлану ўжо дапытваюць – без адваката.

«Гэта, безумоўна, парушэнне права на абарону, чым бы гэта ні тлумачылі», – ацэньвае дзеянні сілавікоў юрыст Павел Сапелка з Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Святлана Купрэева ніколі не працавала ў «Белгазпрамбанку» ды іншых структурах, супраць якіх Камітэт дзяржкантролю распачаў крымінальную справу аб ухіленні ад падаткаў і адмыванні грошай. У яе межах затрымана 15 асобаў, фінансавая міліцыя на машынах без нумароў вывезла з «Белгазпрамбанку» грошы, золата, каштоўныя паперы і калекцыю карцінаў, якую банк пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкі збіраў па ўсім свеце некалькі гадоў.

«Спачатку называюць кампанію, а потым праз 3 дні адчыняюць справу. Агулам гэта вельмі дзіўна: спачатку кажуць, што карціны скралі, а потым прыходзяць і здымаюць іх са сценаў», – Віктар Бабарыка нагадвае пра асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі «прашарсціць буржуяў».

Па ўсёй Беларусі пад крымінальны пераслед і арышты трапіла каля 20 чалавек з атачэння Віктара Бабарыкі, а праз допыты і падатковыя праверкі прайшло каля паўсотні – чальцоў ініцыятыўных групаў, сяброў, былых ВІП-кліентаў.

Пераследуюць і паплечнікаў Святланы Ціханоўскай. У Віцебску адбыўся адміністратыўны суд супраць Юліі Барсуковай, якая збірала подпісы за вылучэнне кандыдаткі.

«Плакат «Свабоду Ціханоўскаму», «но пасаран» і перакрэслены таракан – нібыта я правяла незаконны мітынг», – кажа Юлія Барсукова.

Справу скіравалі на дапрацоўку ў міліцыю. Таксама 10 дзён арышту завочна далі Яраславу Кійко – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня, калі ў Віцебск прыязджаў палітык Павел Севярынец. Сам Севярынец, пазней затрыманы ў Менску, цяпер у ізалятары на вуліцы Акрэсціна.

«Там не даюць спаць па начох, вельмі кепская ежа, не даюць матрацы, абліваюць хлёркай падлогу. Дайшла чутка, што Паўла нават збівалі. Нечалавечныя ўмовы, выкідваюць на вуліцу голымі раніцай. Мы тут стаім, а іх там катуюць», – ледзь не плача Вольга Севярынец, жонка Паўла.

Пагаршэнне ўмоваў утрымання арыштаваных адбываецца перыядычна, кажуць праваабаронцы.

«Гэта як мінімум жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне, прыроўненае да катаванняў. І калі гэтае абыходжанне робіцца, каб асоба змяніла характар сваёй дзейнасці, адмовілася ад сваёй дзейнасці, то безумоўна гэта катаванне», – тлумачыць Павел Сапелка.

«Тыя людзі, якія выходзяць з Акрэсціна, кажуць, што такія загады аддаюць людзі ў цывільным», – распавядае Вольга Севярынец.

Паводле праваабаронцаў, ад пачатку траўня ў Беларусі амаль сотня чалавек атрымалі агулам больш за 1200 дзён арышту і штрафы ў 90 тысячаў рублёў – за ўдзел у зборы подпісаў і працы ініцыятыўных групаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»