Масавыя затрыманні медыкаў


У Менску затрымалі кардыёлагаў, якія раніцай выйшлі на акцыю салідарнасці. Некалькі гадзінаў лекары правялі ў пастарунку. Планавыя аперацыі былі прыпыненыя. Цяпер у дактароў на руках пратаколы за ўдзел у несакцыянаваным мерапрыемстве. А значыць наперадзе суд.

Гэта кадры затрымання медыкаў РНПЦ «Кардыялогія». У ланцуг салідарнасці на праспекце Дзяржынскага дактары сталі а палове на восьмую раніцы – праз паўгадзіны яны меліся пачаць працу. Аднак сілавікі змянілі іхныя планы.

«Мы выйшлі на акцыю супраць гвалту. Мы выходзім да працоўнага дня, у свой вольны час. І сёння нас затрымалі. Невядомыя людзі ў чорным, не прадставіўшыся», – распавядае анэстэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ «Кардыялогія» Андрэй Буры.

З двух дзясяткаў удзельнікаў ранішняй акцыі затрымалі адзінаццаць, астатнім удалося ўцячы. Зняволеных дактароў прывезлі ў Маскоўскае аддзяленне міліцыі, адкуль апоўдні адпусцілі – з пратаколамі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Гвалт у краіне і неабгрунтаваная жорсткасць. Ніякіх лозунгаў не выкрыквалі, проста выйшлі. Проста стаялі, тэлефонамі свяцілі», – кажа анэстэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ «Кардыялогія» Дзмітрый Чуклай.

«Са словаў сведак, мы выкрыквалі лозунгі, каторых мы натуральна не выкрыквалі. Прынамсі тыя, з кім я паразмаўляў з калег. Напісалі, што мы з пратаколамі не згодныя», – гаворыць загадчык рэнтгенаперацыйнай РНПЦ «Кардыялогія» Алег Паланецкі.

Таксама на праспекце Дзяржынскага затрымалі медыка 4-ай гарадской больніцы.

«Воклічаў там не было, былі белыя халаты. Пад’ехалі дзве машыны амапаўцаў, выбеглі, пачалі хапаць. Мы не супраціўляліся», – згадвае падзеі анэстэзіёлаг-рэаніматолаг 4-Й ГКБ Аляксандр Філіпаў.

Падтрымаць медыкаў да пастарунку прыйшлі дзясяткі чалавек – калегі, сваякі і звычайныя жыхары.

Вызваляць падначаленых прыехала дырэктарка РНПЦ «Кардыялогія» Наталля Міцькоўская. Тым часам планавыя аперацыі ў цэнтры былі прыпыненыя. І фактычна заблакаваная праца аддзялення, дзе дапамагаюць пры інфарктах. Былы дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак кажа, што затрыманыя раніцаю дактары – унікальныя спецыялісты.

«Нават па адзіночцы толькі яны ўмеюць рабіць пэўны від аперацый. Зразумела, што гэтыя аперацыі былі запланаваныя загадзя. Зразумела, што яны планавалі свой працоўны дзень. Не адбыліся гэтыя аперацыі альбо былі затрыманыя. І, зразумела, некаторыя пацыенты маглі аказацца без дапамогі гэтых спецыялістаў», – падкрэслівае Аляксандр Мрочак.

Дзяржаўны тэлеканал ОНТ акцыю дактароў назваў «правакацыяй перад вялікаю міжнароднаю канферэнцыяй, якая мелася прайсці ў цэнтры».

А калегі на затрыманне кардыёлагаў адгукнулася акцыямі салідарнасці. З плакатамі выйшлі медыкі Цэнтру траўматалогіі і артапедыі, а таксама Цэнтру дзіцячай анкалогіі і гематалогіі.

«Хварэюць жа ўсе. Не можна дактароў. Гэта ж лекары! Я не ведаю. Няма словаў!»

«Гэта ненармальна! Людзі ж выступаюць супраць таго, што людзей калечаць! Гэта ганьба!»

«Людзі лечаць нас усіх, беларусаў, іх затрымліваць нельга. Яны проста выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю – усё».

«Гэта беззаконне. Затрымліваць дактароў, дый увогуле народ, які ў прынцыпе нічога дрэннага нікому не робіць, каторы выходзіць за тое, каб нашы дзеці і мы жылі добра. Таму сумлення ў гэтых амапаўцаў няма!», – абураюцца жыхары Менску.

Падтрымаць калег пасля працы вырашылі і анестэзіёлагі Менскай абласной больніцы Ганна Сушчынская ды Ганна Карась. Аднак невядомыя іх схапілі і звезлі. Як пазней высветлілася – у аддзяленне міліцыі, дзе на медыкаў склалі пратаколы.

Анастасія Русецкая belsat.eu