Масавыя пратэсты ў Грузіі: у чым сутнасць канфлікту?


Пацярпелі больш за 300 чалавек: і мітынгоўцы і паліцыянты. Супраць пратэстоўцаў, якія спрабавалі штурмаваць будынак парламенту, спецназ ужыў слезацечны газ і гумавыя кулі.

Супрацьстаянне ў сталіцы Грузіі. Прычынаю стала прысутнасць у грузінскім парламенце прадстаўніка Дзяржаўнай думы Расеі Сяргея Гаўрылава. У пэўны момант ён заняў крэсла спікера. Дэпутат-камуніст удзельнічаў у працы Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя.

Гэтая арганізацыя аб’ядноўвае народных абраннікаў з 25 краінаў. Паводле грузінскіх журналістаў, Гаўрылаў падтрымліваў і падтрымлівае сепаратыстаў у Абхазіі, бываў і нават ваяваў там. Парламентарый жа гэта адпрэчвае.

Выступ супраць расейскага дэпутата перарос у супрацьстаянне з паліцыяй. Сяргей Гаўрылаў спешна пакінуў не толькі парламент, але і Грузію. Улады Грузіі заявілі, што народным гневам скарысталася апазіцыя.

Мамука Бахтадзэ, прэмʼер-міністр Грузіі:

«Шчыры пратэст на праспекце Руставэлі, які арганізавалі людзі, выкарысталі разбуральныя палітычныя сілы, і ён выйшаў за канстытуцыйныя межы».

Падчас сутыкненняў, паводле афіцыйных звестак, пацярпелі сотні чалавек, у тым ліку 80 паліцыянтаў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, каля сотні дэманстрантаў затрыманыя. Удзельнікі пратэсту і прадстаўнікі апазіцыі кажуць пра непрапарцыйнае выкарыстанне сілы з боку сілавікоў, у тым ліку пра выбітыя гумавымі кулямі вочы.

Пратэстоўцы мяркуюць, што міністр унутраных справаў Гіёргі Гахарыя мусіць сысці ў адстаўку. Удзельнік пратэсту Гога Мікеладзе кажа:

«Я прыехаў сюды, каб быць побач з людзьмі. Я не баюся ні куль, ні дручкоў».

На баку пратэстоўцаў выступіў і экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі. Ён заклікаў праваахоўнікаў падтрымаць апазіцыю і абвінаваціў лідара кіроўнай партыі «Грузінская мара» Бідзыну Іванішвілі ў пракрамлёўскай палітыцы. Міхэіл Саакашвілі, экс-прэзідэнт Грузіі:

«Грузія акупаваная расейскім алігархам і кантралюецца Пуціным, але мы і наш народ абавязкова вызвалімся».

Дзейная ж прэзідэнтка Салёмэ Зурабішвілі заявіла, што раскол грамадства выгадны менавіта Расеі, а замежныя грамадзяне павінны ведаць сваё месца. Прэзідэнтка Грузіі, якая ўчора прыбыла ў Беларусь, перарвала візіт у нашай краіне. Сёння Салёмэ Зурабішвілі сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам, яна таксама мелася прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у якасці ганаровай госці.

Ян Маравіцкі, Ірына Дарафейчук, belsat.eu