Масачны рэжым цяпер і ў Менску


Масачны рэжым увялі фактычна на траціне тэрыторыі Беларусі. З учора абавязковаю захада стала і ў Менску. Цяпер без маскі нельга карыстацца грамадскім транспартам і наведваць усе гарадскія аб’екты.

«На жаданне кліенты былі да ўчора. І насамрэч яшчэ ўсе не прывыклі, мы паклалі маскі для кліентаў пры ўваходзе, напісалі пра абавязковы масачны рэжым. Але кліенты прыходзяць: «Ой, няма маскі, забыў». Мы выдаем», – расказвае уладальніца студыі прыгажосці «K-BEAUTY» Алена Ківач.

Правілы рэжыму выклікаюць не адно пытанне. Гэтак, штрафаваць за адсутнасць маскі не будуць, але кіраўнікі арганізацыяў, дзе будзе здзейсненае такое правапарушэнне, зазнаюць адказнасць. Праўда, ім дазволілі не абслугоўваць кліентаў без масак.

«Адмаўляць кожнаму кліенту? Але з ковідам і так сітуацыя такая, што мы змагаемся за кожнага. Калі прыйдзе да мяне кліент і скажа: «Я хварэў на ковід, ужо перахварэў, мне маска не патрэбная, я яе надзяваць не буду». Што я буду рабіць? Адмаўляць у паслузе і губляць грошы? Ну, штрафуйце людзей, якія да мяне прыходзяць», – задаецца пытаннямі Алена Ківач.

Не ўсе пасажыры грамадскага транспарту надзяваюць маскі. У крамах пакупнікоў, якія выконваюць пастанову Менскага гарвыканкаму, паболела, але ўсё яшчэ сустракаюцца тыя, хто не думае пра бяспеку людзей навокал.

«Гэта ўжо ад людзей залежыць, як хто ставіцца. Вось я, напрыклад, не хачу заразіць. Атрымліваецца, я станоўчы герой, а ёсць адмоўныя героі».

«Проста забыла маску ўдома. У мяне дзеці, спяшалася», – кажуць мінакі.

«Я нашу сёння першы дзень, бо да гэтага ўдома быў. І пакуль быў у краме, бачыў толькі двух чалавек без масак. А так усе ў масках, але я ведаю, што самі работнікі крамы прымушаюць маскі надзяваць».

«Вельмі шмат нядобрасумленных, іх трэба караць, прымушаць. Я ведаю па сваім мужы, я кожны дзень з ім лаюся, каб надзяваў маску. Ён нават у паліклініку без маскі ходзіць».

Менскі гарвыканкам абяцае ўзмацніць захады ў выкананні рэжыму з сёння. Некаторыя дактары, з якімі нам удалося пагутарыць, дзівяцца, што рэжым не ўвялі яшчэ ўвесну. А цяперашняе рашэнне, кажуць у адной з санстанцыяў гораду, было нечаканасцю для эпідэміёлагаў.

Доктарка санстанцыі Менску ананімна сказала:

«Масачны рэжым – гэта такая справа, можна даўно было яго ўвесці. Санстанцыя не прымала ніякага ўдзелу, наколькі я ведаю. Гэта было прынята ў выканкаме, наверсе».

Без дакладных захадаў кантролю за выкананнем пастановы з масавым нашэннем масак могуць паўстаць праблемы.

«Толькі цяпер каля 80 % надзелі маску ў транспарце, у метро. Як быццам трэба было сказаць менавіта зверху: людзі, гульні скончыліся, давайце надзяваць маску. Не хапіла ўсвядомленасці, калі дактары казалі і пісалі. І як любое мерапрыемства, калі няма кантролю, яно можа сыходзіць на спад», – кажа эпідэміёлаг, кандыдат медычных навук Аліна Волчанка.

Сусветная арганізацыя здароўя заклікае закрываць нос і рот у грамадскіх месцах ды рэгулярна змяняць маску на новую.

Алена Дубовік, Белсат