Мартэн Фуркад стаў пяціразовым алімпійскім чэмпіёнам


АЛІМПІЯДА-2018

5 камплектаў узнагародаў разгулялі сёння на Алімпіядзе ў Пненгчхангу. Мужчыны, лыжная камбінацыя, вялікі трамплін плюс гонка на 10 кіламетраў – золата ў немца Ёганэса Рыдцэка. Шорт-трэк, жанчыны, эстафета тры тысячы метраў – першае месца ў Паўднёвай Карэі.

Беларуская мужчынская палова ў біятлоне прыпаднесла сапраўдны сюрпрыз – у змяшанай эстафеце пасля выступу Скардзіна і Домрачавай мы былі на трэцім радку, а затым Бачарнікаў і Чапелін здолелі ўтрымацца за лідарамі, а ў выніку высокае пятае месца. Золата ў французаў, срэбра ў нарвежцаў, замкнулі тройку італьянцы. Мартэн Фуркад пасля гэтага старту стаў пяціразовым алімпійскім чэмпіёнам.

Канадская пара Тэса Вэрчу і Скот Мойр сталіся двухразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі ў фігурным катанні. Яны лідаравалі пасля кароткай праграмы ў танцах на лёдзе, а сёння дуэт з Краіны кляновага ліста амаль бездакорна выканаў адвольны танец і стаўся недасяжны для пераследнікаў. Раней Вэрчу і Мойр ужо заваёўвалі золата на Алімпіядзе ў Ванкувэры.

ТЭНІС

Аляксандра Сасновіч, 47-ая ракетка свету, пераадолела бар’ер стартавага кола тэніснага турніру ў Будапэшце. За адну гадзіну і 6 хвілінаў беларуска ў двух сэтах з аднолькавымі 6:3 была мацнейшаю за італьянку Рабэрту Вінчы, якая ў рэйтынгу Дабл-Ю-Ты-Эй – па-за межамі першай сотні. Раней спартоўкі міжсобку не сустракаліся. У наступным раўндзе Сасновіч згуляе з харваткаю Пэтраю Мартыч.

На грунтовых кортах Рыа-дэ-Жанэйра стартаваў турнір Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў, а на прызавыя гэтым разам тут выдаткавалі адзін мільён 695 тысяч долараў. Першае кола спаборніцтваў без праблемаў пераадолеў трэцяя ракетка свету і першы сеяны харват Марын Чылыч, які ў двух сэтах 6:3, 6:2 перамог аргентынца Карласа Бэрлёка.

У другое кола прабіўся і італьянец Фаб’ё Фанніні, якому спатрэбілася згуляць тры сэты, каб даціснуць гаспадара кортаў ТамАса БэлУччы – 6:7, 7:5, 6:2. Тэнісісты правялі на корце дзве гадзіны і 50 хвілінаў, а статыстыка Фаб’ё выглядае наступным чынам: зрэалізаваў 8 брэйк-пойнтаў, здзейсніў 4 эйсы і даволі шмат – 10 разоў – памыляўся пры падачы. За права прабіцца ў трэці этап турніру Фанніні пазмагаецца з амерыканцам Тэнісам Сэндґрэнам.

ФУТБОЛ

У футбольнай Лізе чэмпіёнаў сёння ўвечары будуць згуляныя яшчэ два матчы 1/8-ай фіналу. Безумоўная, большая ўвага будзе прыкутая да лонданскага «Стэмфард Брыджу», дзе «Чэлсі» пазмагаецца з іспанскаю «Барсэлонаю».

«Пенсіянеры» і каталонцы правялі міжсобку 12 сустрэчаў, чатыры з іх выгулялі «сінія», праўда, у апошніх папярэдніх двубоях гэтага турніру на сваім стадыёне «Чэлсі» перамаглі толькі раз. Сустрэчу, у якой букмекеры аддаюць перавагу «сіне-гранатавым», абслужыць знакаміты турэцкі рэфэры Джунэйт Чакыр.

У другой пары на мюнхенскай «Альянц-Арэне» «Баварыя» прыме турэцкі «Бэшыкташ». Тут безумоўным фаварытам лічыцца нямецкі клуб. «Баварыя» на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў атрымала 5 перамогаў у шасці гульнях, аднак асабняком стаіць параза ад ПСЖ 0:3. «Бэшыкташ» з сезону ў сезон становіцца мацнейшы, каманда прагрэсуе і гэтым разам выгуляла сваю групу датэрмінова.

ХАКЕЙ

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі хакейнага турніру Алімпіяды. Сенсацыю стварылі нарвежцы, якія ў оўвэртайме перамаглі славенцаў 2:1 і ўпершыню ў гісторыю згуляюць у 1/4-ай: супернік – расейская зборная. Яшчэ ў адным матчы паміж Швейцарыяй і Нямеччынай для выяўлення пераможцы таксама спатрэбіўся оўвэртайм, дзе з такімі ж 2:1 вікторыя дасталася немцам, а ў чвэрцьфінале іхны апанент – Швецыя. Амерыканцы разграмілі Славаччыну 5:1 і далей пазмагаюцца з чэхамі. Фінляндыя таксама не пакінула шанцаў карэйцам, выніковыя лічбы – 5:2, а ў 1/4-ай іх чакаюць дзейныя алімпійскія чэмпіёны – канадцы.