Аб'ектыў 26.05.2018 Маршы супраць Астравецкай АЭС пройдуць па ўсёй Беларусі


Каб даць адпор будоўлі атамнай электрастанцыі ў Беларусі, засталося няшмат часу, даводзяць актывісты. Ужо на лістапад запланаваная загрузка ядравага паліва ў рэактар.

Каб дагрукацца да ўладаў ды спыніць пастаўку, беларуская партыя «Зялёныя», БХД і рух салідарнасці «Разам» запланавалі штомесяц ладзіць пратэставы «Астравецкі шлях», якая стартавала ў Заслаўі.

Першапачаткова арганізатары планавалі зладзіць менавіта пратэставы марш. Але ўлады акцыю не дазволілі, таму фармат змянілі.

«Ёсць маленькі шанец на тое, каб гэтая стацыянарная атамная бомба не была пабудаваная, і грамадства мусіць цалкам выкарыстаць гэты шанец. І рабіць усё, што толькі магчыма, каб была спыненая Астравецкая АЭС, інакш наступствы будуць проста жахлівыя», – заявіў палітык Вячаслаў Сіўчык.

Акцыі плануюцца штомесяц 26-га дня ў розных гарадах паміж Менскам і Астраўцом да лістапада, калі мяркуецца пастаўка ядравага паліва на АЭС ды загрузка ў рэактар. Першы энергаблок плануюць запусціць налета, другі – у 2020-м годзе.

Суарганізатар «Астравецкага шляху» Ігар Лялькоў лічыць, што акцыі варта праводзіць, бо «будоўля беларускай АЭС – небяспека і для нас, і для нашых нашчадкаў».

«Гэта атамная бомба запаволенага дзеяння», – кажа актывіст.

Вынікі стрэс-тэстаў, праведзеных на атамнай станцыі, выклікалі шмат пытанняў і заўваг сярод замежных адмыслоўцаў. Галоўная выснова літоўскай працоўнай групы – астравецкая станцыя не адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі. Эксперты адзначаюць, што замоўчваецца і шкода, якую будзе несці рэактар, працуючы ў звычайным рэжыме, без аварыяў.

«Электрычнасць яна дае, але плюс да гэтага выкідвае ў атмасферу велізарную колькасць небяспечных прадуктаў. Гэта ўсё атручвае вакол прыроду, труціць людзей, выклікае складаныя хваробы. Злаякасныя ў тым ліку», – заяўляе прафесар, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін.

Удзельнікі «Астравецкага шляху» кажуць і пра адмоўны эканамічны эфект ад станцыі. Узводзяць яе за расейскі крэдыт, ядравае паліва таксама будуць набываць у Расеі. Напачатку будоўлі ўлады рабілі стаўку на продаж электраэнергіі ў краіны Балтыі ды Польшчу. Але Літва адмовілася набываць энергію з Астравецкай АЭС і вядзе працу, каб гэтая электраэнергія не магла трапіць на рынак Еўразвязу.

«Адказ у міжнародным маштабе відавочны: гэта страта. У беларускім маштабе гэта будзе азначаць энергетычную перагрузку. Электраэнергіі Беларусь будзе вырабляць столькі, што Беларусі столькі не трэба. І давядзецца зачыняць, напрыклад Лукомльскую ГРЭС, Бярозаўскую ГРЭС, а гэта цэлыя гарады, куды дзенуцца людзі, якія жывуць у гэтых гарадах?», – пытае сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Эколагі звяртаюць увагу, што адсутнічае незалежны кантроль за будаваннем. Уся інфармацыя пра інцыдэнты і памылкі, ад падзення рэактара да пажару, старанна хаваліся, ды толькі пасля разгалашэння іх актывістамі чыноўнікі пачыналі рэагаваць.

Пасля круглага стала ўдзельнікі пачалі збор подпісаў пад зваротам з асноўным патрабаваннем спыніць будоўлю АЭС, якая заганяе Беларусь у яшчэ большую залежнасць ад Расеі. Хоць з гэтым сцверджаннем згодныя не ўсе.

Наступная акцыя «Астравецкага шляху» пройдзе ў Радашковічах 26-га чэрвеня.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары