Марш супраць фашызму прайшоў праз спальныя раёны


Вераніка Яновіч дзяжурыць ля суда Фрунзенскага раёну сталіцы, чакаючы працэсу над затрыманым сябрам Мікітам. Учора хлопца схапілі ля станцыі метро «Спартыўная», якраз ля сценаў гэтага будынку.

«Мы патэлефанавалі ў 102. Нам адказалі, што інфармацыя будзе толькі а 9-й раніцы заўтра. А пасля падумалі, калі яго тут затрымалі, то хутчэй за ўсё будзе ў Фрунзенскім РУУС ён знаходзіцца. Спісаў яны таксама не далі. І мы пад’язджалі, і валанцёры сказалі, што рэчы яны таксама не прымалі. А ён быў у адной байцы, ляжаў на зямлі, і, мабыць, мокрая вопратка яго», – кажа сяброўка затрыманага Вераніка Яновіч.

На відэа, якое зрабілі відавочцы затрымання, бачна, што Мікіта не супраціўляецца. Нягледзячы на гэта суддзя Андрэй Млечка пакараў хлопца дваццацідзённым арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

«Пасля ўсіх гэтых акцый, асабліва ў нядзелю, людзям звычайна даюць содні. Я не ведаю, куды яшчэ можна пасадзіць людзей зараз. Бо здаецца, усе турмы, усе ЦІПы, ІЧУ мясцовыя напоўненыя людзьмі. І куды яшчэ…», – зазначае дзяўчына.

Учора ж, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі трохсот дзевяноста чалавек, у тым ліку вядомага актора і музыку Іллю Чарапко-Самахвалава ды Ігара Аўсяніка, аднаго з дырэктараў «EPAM». Хаця ў аўтазакі магло трапіць і болей людзей.

Цэнтральныя вуліцы Менску ўпершыню за тры з паловаю месяцы пратэсту былі пустымі і ціхімі. Уся актыўнасць перанеслася ў спальныя раёны, менавіта тут прайшлі тысячныя маршы. Гэткі новы фармат выбралі самыя людзі.

Галасаванне за новы фармат пратэсту адбывалася на платформе «Голас», у ім узялі ўдзел 240 тысяч чалавек. Большасць абрала марш праз раёны, пра што заявіў напярэдадні сябра прэзідыуму Каардынацыйнае рады Павел Латушка:

«Хто не можа далучыцца да асноўных, доўгіх маршаў, можа выйсці падтрымаць суседзяў у двары. А ў выпадку нападзення слабавікоў, вы, ведаючы свой двор і ведаючы сваіх суседзяў, зможаце схавацца лепей, чым у незнаёмай частцы гораду».

Відавочна, сыход дэманстрантаў з цэнтру гораду на ўскраіны дазволіў пазбегчы масавых затрыманняў, якімі заканчваліся папярэднія маршы. Змяніліся і паводзіны людзей: цяпер яны не ўцякаюць ад АМАПу, а прымушаюць адступаць сілавікоў. Лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская назвала Марш супраць фашызму – поспехам народу.

«Мы таксама ведаем: сёння рэжым не здолеў перашкодзіць народу выйсці на вуліцу. Сёння кожны пераканаўся, што гэта нашыя раёны, нашыя гарады і нашая Беларусь. І канчаткова яе вызваліць можам толькі мы», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Сёння ж стала вядома пра разгляд скаргаў на прысуды Вольгі Хіжынковай у судах Заводскага і Цэнтральнага раёнаў Менску. Міс Беларусь – 2008 затрымалі 8 лістапада і арыштавалі спачатку на 12 содняў, а пасля яшчэ на 15. Дзяўчына застаецца за кратамі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»