Марш салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве сабраў не менш за тысячу чалавек


Затрыманні ды штрафы для соцень чалавек. Арышты і зняволенне – для некалькіх дзясяткаў. Чарговую акцыю салідарнасці з Беларуссю зладзілі ў Варшаве.

Сімвалічна – ля помніку Тадэвушу Касцюшку ў польскай сталіцы – сабралася не менш за тысячу чалавек.

«Калі ў Беларусі гэта немагчыма, калі ў Беларусі ўлады арыштоўваюць, гэта не азначае, што беларусы падтрымліваюць гэтыя ўлады, і гэта не значыць, што беларусы згодныя з рэпрэсіямі, згодныя з тым, што ў Беларусі няма выбару. Дыяспара гаворыць сваё слова і кажа, што яна хоча незалежнай Беларусі», – кажа адзін з арганізатараў акцыі, старшыня беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарамбюк.

«Мы – 97 адсоткаў», «Стоп рэпрэсіі ў Беларусі», «Свабоду палітвязням». З гэткімі плакатамі ўдзельнікі акцыі прыйшлі выказаць салідарнасць з палітвязнямі – імі праваабарончая супольнасць нашае краіны прызнала 17 асобаў, – ды заклікаць да правядзення сумленных выбараў у Беларусі.

«Надакучыла ўжо страшна. Мне самой 26 гадоў, столькі ж, колькі Лукашэнка, я не бачыла, як гэта, без Лукашэнкі, я хачу мець шанец хаця б памыліцца, але выбраць кагосьці іншага».

«Я тут хачу паказаць сваім прыкладам, каб людзі перасталі маўчаць, што трэба казаць, тады мы будзем пачутыя і штосьці зможам змяніць у нашае краіне. Я вельмі хачу новую ўладу і, каб усе людзі ў нашае краіне пачуваліся свабодна».

«Зважаючы на палітычную і гаспадарчую сітуацыю, шматлікія рэпрэсіі, якія адбываюцца ўжо 26 гадоў, я прыйшоў сюды. Хачу зменаў для беларускай супольнасці і мяркую, што беларуская супольнасць гэтыя змены заслужыла».

«Беларусы, мы, украінцы, з вамі!»

Масавыя брутальныя затрыманні беларусаў падчас пікетаў і мірных акцыяў прыпалі на канец мінулага тыдня. Напярэдадні арышт паводле крымінальнага абвінавачання зазнаў адзін галоўных апанентаў Лукашэнкі – былы банкір Віктар Бабарыка.Спыніць пераслед актывістаў і палітыкаў заклікала спецдакладчыца ААН у правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Паводле яе, выбары ў Беларусі дагэтуль далёкія ад дэмакратычных стандартаў, а сітуацыя з правамі чалавека за час яе назірання не змянілася да лепшага.

«Людзі, якіх арыштавалі, мы кажам пра сотні чалавек, большасць з іх выйшла на мірны пратэст, што не забаронена, каб выказаць сваё меркаванне і крытыку ўладаў. Яны маюць на гэта права, асабліва да пачатку электаральнай кампаніі. Перашкоды ў зборы подпісаў, у прыватнасці, я разумею нават як парушэнне беларускага заканадаўства», – кажа спецдакладчыца ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Удзельнікі мітынгу рушылі адной з галоўных вуліцаў Варшавы да Палацу культуры і навукі, дзе ўтварылі ланцуг, што ўжо стаў сімвалам салідарнасці і пратэсту сёлетняй выбарчай кампаніі. Прадумаць далейшы план дзеяння і дапамогі Беларусі арганізатары акцыі прапаноўваюць разам ды заахвочваюць далучацца да адмыслова створанай у Фэйсбуку суполкі «TALAKA2020».

Юлія Лабанава, «Белсат»