Аб'ектыў 26.02.2017 Марш памяці Барыса Нямцова


Паводле ацэнак паліцыі, у маршы памяці Барыса Нямцова ў сталіцы Расеі прынялі ўдзел 5 тысячаў чалавек, арганізатары кажуць пра 15 тысячаў. Удзельнікі маршу неслі плакаты і банеры з крытыкаю палітыкі Крамля і вайны ўва Украіне, супраць якой актыўна выступаў Барыс Нямцоў.

Кажуць удзельнікі маршу:

«Улады спрабуюць прадаць, што ў Пуціна 90% папулярнасці. Мы спрабуем давесці, што гэта не так і краіны ў глыбокім крызісе і патрэбна альтэрнатыва».

«Душа баліць за нашу Расею. Мы кацімся ў прорву, Пуцін нас туды цягне, валачэ. Ён хацеў прыпыніць гэта, таму і забілі, І я на ўсе мітынгі хаджу і плачу».

«Ён змагаўся за тое, каб Расея была свабоднай, за тое, каб не было пуцінаўскага рэжыма, які вядзе агрэсіўную палітыку ў дачыненні да ўсяго свету. І горш за тое ў дачыненні да ўласнага народа».

Былому прэм’ер-міністру, лідару апазіцыйнай партыі ПАРНАС Міхаілу Касьянаву, які ўзначальваў калону маршу, невядомы пліснуў у твар зялёнкаю. Паліцыя затрымала зламысніка.

Таксама ўдзельнікі акцыі патрабавалі ад уладаў давесці да канца расследаванне забойства Нямцова і прыцягнуць да адказнасці не толькі выканальнікаў, але і замоўцаў. Аднак арганізатары маршу ставілі і іншыя заданні.

Ілля Яшын, лідар руху «Солідарность»:

«Мы сабраліся тут, каб патрабаваць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Дэманстрацыя дэмакратычнай апазіцыі, мы не толькі, каб аплакваць нашага таварыша, гэта таксама, але і каб дамагчыся перамен для Расеі».

Мэрыя Масквы гэтак і не дазволіла арганізатарам акцыі ўлучыць у маршрут шэсця Вялікі Маскварэцкі мост, дзе цынічна забілі Барыса Нямцова. Але людзі і так традыцыйна неслі туды кветкі.

Акцыі памяці адбыліся таксама ў Казані, Кіраве, Новасібірску, Пермі, Санкт-Пецярбурзе, Ульянаўску ды іншых гарадах Расеі.

Наста Ільіна, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары