Марш мудрасці і судовы канвеер над удзельнікамі нядзельнага Маршу волі


Паводле праваабаронцаў, 6 снежня сілавікі затрымалі каля 300 чалавек у Менску.

Плошча Якуба Коласа ў сталіцы. Гэтае месца мелася стацца адпраўной кропкай маршу пенсіянераў. Пад’езды да яе, аднак, перакрылі, грамадскі транспарт рушыў без прыпынкаў, самую ж плошчу па перыметры ачапілі сілавікі.

За хадою шэсця назіралі таксама журналісты – нашая калега, карэспандэнтка «Белсату» Любоў Лунёва, і аператар-фрылансер Іван Куракевіч. Даслаць матэрыялы ў рэдакцыю яны, аднак, не здолелі. Журналістаў затрымалі шасцёра амапаўцаў. Асобным бусам даставілі ў РАУС Савецкага раёну.

«Цяпер вось ужо ў Івана шнуркі забралі. Я за ім іду. Можа быць, кагосьці адпусцяць. Нейкі міліцыянер зайшоў і сказаў: іх не адпускаць, яны «Белсат». Прабілі па базе», – распавяла ў тэлефоннай размове журналістка «Белсату» Любоў Лунёва.

Марш пенсіянераў. Менск, Беларусь. 7 снежня 2020 году.
Фота: Агата Кваткоўская / Белсат

Да суда – а гэта максімум на тры дні – журналістаў адправілі ў ізалятар на Акрэсціна. Гэтак жа чакаць рашэння за кратамі будуць затрыманыя сёння пенсіянеры, якія не здолелі абысці ачаплення і завяршыць марш на плошчы Незалежнасці. На сталы ўзрост не зважаюць нават цяпер, калі ў турмах лютуе каронавірус.

«Людзей затрымліваюць да суда і судзяць потым па скайпе ў большасці выпадкаў. Але для гэтага няма ніякіх звычайна падставаў. Чалавека можна адпусціць пасля затрымання, выклікаць у суд позвай, напрыклад, і судзіць без дадатковых пагрозаў для здароўя і жыцця», – кажа праваабаронца цэнтру «Вясна» Наталля Сацукевіч.

Памеры штрафаў для пажылых людзей часам перавышаюць сярэднія пенсіі. Караюць асобаў у сталым веку таксама арыштамі. Толькі на мінулым тыдні на 15 дзён за краты адправілі дзвюх сталых жанчын. Фіксавалі праваабаронцы на мірных маршах пенсіянераў і ўжыванне сілавікамі слезацечнага газу.

«Мы бачым узмацненне рэпрэсіяў, яго ўжываюць да ўсіх групаў насельніцтва, і няма ніякіх выключэнняў», – кажа праваабаронца цэнтру «Вясна» Наталля Сацукевіч.

Сёння судзілі і тых, каму не пашчасціла вярнуцца дадому пасля нядзельнага Маршу волі. Агулам па краіне гэта як мінімум 330 асобаў. Сярод іх – жыхар Менску Аляксей. Момант ягонага затрымання трапіў у медыя: гэтак сябры і блізкія зразумелі, дзе шукаць зніклага.

«Тэлефон у чалавека ўжо быў недасяжны, я пачакаў, пашукаў яго дома, усюды пашукаў, нідзе яго не знайшоў, дзяўчына яго таксама дома не дачакалася. Пасля мы знайшлі відэа ў сацсетках, як яго вядуць амапаўцы ў колькасці 10 штук – вядуць гэтага хлопца», – распавёў сябар Аляксея Глеб.

Толькі ў сталіцы сёння адбылося больш за 120 судовых паседжанняў. Удзельнікаў мірных акцыяў пакаралі штрафамі ад 540 да васьмісот дзесяці 810 рублёў, а таксама арыштамі – ад 10-ці да 25-ці содняў.

Юлія Лабанава, belsat.eu