Маркетынгавы абсурд: прымусовая вітамінізацыя... яблыкамі


Пры Стыву Джобсу такога не было. Калінкавіцкі райвыканкам ужывае новую маркетынгавую стратэгію: прадаваць яблыкі пад прыкрыццём… вітамінізацыі насельніцтва. Дакумент з патрабаваннем арганізаваць продаж яблык насельніцтву і даць справаздачу за выкананне атрымалі гаспадаркі раёну. Вось толькі пакуль вертыкальнікі спрабуюць прадаваць тавар дырэктыўным метадам, мясцовыя жыхары ўжо навучыліся атрымліваць з адной яблыні – два ўраджаі на год. Не верыце? Мы таксама не давалі веры, пакуль наш карэспандэнт не наведаў гаспадарку.

Спадар Фёдар – карэнны жыхар Бярозаўкі, што ў Калінкавіцкім раёне. Усё жыццё – праца ў калгасе і на ўласнай гаспадарцы, але такое ўпершыню:

«Гэта ўжо другі ўраджай. Упершыню такое. І па вёсцы пытаў… Во тры зімовыя яблыні – і адна з іх зацвіла».

У іншых жыхароў урадзіла раз, але на ўсю зіму.

«Паламаліся яблыні. Столькі яблык было!»

А таму рашэнне райвыканкаму арганізаваць продаж яблыкаў сярод мясцовых – выклікае прынамсі ўсмешку. Гаспадарка «50 год БССР» свой найлепшы час перажыла тыя ж 50 год таму. Цяпер гэта тыповая стратная сельгасарганізацыя з закінутымі фермамі ды бытавой інфраструктурай.

«Трэба – купляем, не трэба – не купляем. У гэтым годзе я не купляў».

А нават, каб і багатага ўраджаю сёлета не было, то пытанне: за што мясцовыя маюць купляць яблыкі?

«Ну 200. Усё. А якія нам яшчэ заработкі?»

Кіраўніцтва КСУПу прызнае – рашэнне раёну вымушанае, бо калгасныя сады не даюць рады са збытам. Аляксей Давыдчык, старшыня КСУП «50 ГОД БССР»:

«На Расею ў асноўным ідуць? Так. А ў Калінкавічах купляюць? Не. Мала. Ну як, райпо, такія арганізацыі».

Прыярытэтная спецыялізацыя гаспадаркі – зерневыя і кармавыя культуры. А таму інвестыцыя ў выглядзе пабудовы сховішча для яблыкаў нават не разглядаецца. Можа і слушна, калі клімат гэткімі тэмпамі будзе і далей змяняцца, то ўзімку ў кожнага гаспадара Бярозаўкі будзе свой свежы яблык.

Алесь Залеўскі, belsat.eu