Мара незалежнага журналіста – не баяцца выйсці з дому


Фрылансэр – ад слова «свабодны». Але ў Беларусі гэтае слова набывае зусім супрацьлеглае значэнне. Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, якая супрацоўнічае з «Белсатам», толькі цягам гэтага года прайшла праз 8 судоў.

«Усе яны скончыліся буйнымі штрафамі. На мяне аказваўся проста страшэнны псіхалагічны ціск: і пагроза адабрання дзіцяці, і ўсялякія зняважлівыя матэрыялы пра мяне, артыкулы кампрамітуючыя», – скардзіцца журналістка.

Для ціску выкарыстоўваюць артыкул «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»

Кожны такі выпадак маніторыць Беларуская асацыяцыя журналістаў. Сёлета ў спісе БАЖу ажно 55 штрафаў – у 5 разоў болей, чымся за ўвесь мінулы год.

«Гэта журналісты з розных рэгіёнаў краіны і іх штрафуюць за супрацу з рознымі тыпамі медыяў, з рознымі рэдакцыямі, але пераважная большасць, можна сказаць, абсалютная большасць журналістаў, якія былі аштрафаваныя – гэта журналісты, якія супрацоўнічалі з «Белсатам», – заявіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Пераслед пачаўся разам з акцыямі «дармаедаў»

Тады незалежныя журналісты, якія асвятлялі пратэсты, траплялі ў аўтазакі разам з дэманстрантамі.

«Цягам акцыяў пратэсту арыштавалі вялікую колькасць журналістаў. Толькі аднаго дня пад арышт трапіла больш журналістаў, чымся цягам усяго 2016-га года. Мы з непакоем глядзім на гэты трэнд, бо журналісты выконваюць сваю працу інфармаваць грамадства», – зазначыў Эйдрыен Колін з Міжнароднай асацыяцыі журналістаў.

Згодна з Індэксам свабоды медыяў, Беларусь займае 153-яе месца з 180-ці краінаў свету. Штогод нашая краіна месціцца на апошніх пазіцыях рэйтынгу ўплывовай міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў». Паводле аўтараў справаздачы, фрылансэры незалежных медыяў, што базуюцца за мяжою, не могуць атрымаць акрэдытацыі ды ў выніку спазнаюць ціск з боку праваахоўнікаў.

Змяніць сітуацыю можна!

Толькі салідарнасць і моцная пазіцыя Аб’яднанай Еўропы здольная паўплываць на сітуацыю са свабодаю слова, перакананыя ў БАЖы. Пагатоў дыялог паміж Менскам і Бруселем ізноў аднавіўся.

«Мы бачылі, што цягам чатырох год, калі ідзе пераслед па гэтым артыкуле, двойчы ён прыпыняўся – на 4 месяцы, потым на год. І гэта, я думаю, было вынікам комплекснай працы на ўсіх узроўнях», – даводзіць спадар Бастунец.

Не спяць удома, каб выйсці ў эфір

Незалежныя журналісты мараць хаця б пра тое, каб улады далі ім магчымасць нармальна жыць і не баяцца выходзіць з дому.

«Перад стрымамі дзяжурыла міліцыя побач з маёй хатай, каб я не трапіла на гэты стрым, і мне даводзілася проста не начаваць удома», – сведчыць журналістка Вольга Чайчыц.

Ночыць даводзіцца часам і за кратамі. За асвятленне пратэставай вясны журналісты »Белсату« агулам больш за месяц правялі пад арыштам. А штрафы толькі за той перыяд склалі прыблізна $ 9 тыс.

Вольга Жарнасек, «Белсат»