«Манастыр», у якім гартуюць цела і дух


Можна не быць вернікам, але хадзіць у манастыр. Калі гэта трэнажорная зала «Манастыр», дзе людзі гартуюць сваё цела і дух. Сёлета трэнер, былы спецназавец Віктар Клімянкоў адзначае 35 гадоў працы адмысловай «качалкі». Пакатаць бліны і гантэлі ў «Манастыр» адправіўся Аляксандр Пуціла.

Чысціня і дэзынфекцыя. Заснавальнік і галоўны трэнер, 55-гадовы Віктар Клімянкоў прыходзіць за паўгадзіны да адкрыцця залы ды штодня асабіста робіць прыборку. Кажа, каб чысціня фізічная ўзбагачала чысціню духоўную.

«У кожнага чалавека, я шчыра кажу, павінен быць свой манастыр: у кагосьці – фізічны, у кагосьці – духоўны. Назву гэтай залы мы прыдумалі з хлопцамі, тымі, хто пачынаў гэтую залу рабіць», – зазначае Віктар Клімянкоў, заснавальнік трэнажорнае залы «Манастыр».

У 80–90-я сюды прыводзілі цяжкіх падлеткаў, некаторыя з якіх, падавалася, ужо цвёрда сталі на цьмяны шлях. Але ў «Манастыры», праз мясцовую атмасферу партнёрства – раслі на вачах, згадвае трэнер. І сёння за іх не сорамна ні бацькам, ні настаўніку.

«Пайшлі падлеткі. Іх прыводзіла міліцыя, іх прыводзіла Адміністрацыя Фрунзенскага раёну, прыводзілі бацькі, якія не давалі рады з дысцыплінаю сваіх сыноў, дачок», – узгадвае Віктар Клімянкоў.

Трэнажоры, лежакі ды ледзь не ўвесь іншы інвентар збіралі літаральна сваймі рукамі. Адныя наведнікі прыходзілі, каб падрыхтавацца да войска, для другіх – падбіраюць адмысловую праграму і вучаць адціскацца да падцягвацца. Усё збольшага з тым жа абсталяваннем.

«Трэнажоры вельмі старыя і самыя працоўныя, лепшыя, чым у нашых залах цяпер – вось гэта мне больш за ўсё да душы, стыль залы. З трэнерам пазнаёміліся добра. Мне дапамагае, я яму, бывае, дапамагаю», – распавядае наведнік залы Яўген Шчасны.

Часам Віктар Клімянкоў сустракае на вуліцы ўжо дарослых мужчынаў і жанчын, якія, пазнаючы настаўніка, падыходзяць, вітаюцца і дадаюць: «А я выхоўваўся ў вашым «Манастыры». Дзякую вам за прыстойнае жыццё без хібаў і заганаў».

Аляксандр Пуціла, «Белсат»

Фота вокладкі: Viktor Drachev / TASS / Forum