Аб'ектыў 07.11.2018 Манаполія рэспубліканцаў на ўладу ў ЗША парушаная


Манаполія рэспубліканцаў парушаная – дэмакраты вяртаюцца ў гульню. Нягледзячы на ўмацаванне пазіцыі прыхільнікаў Трампа ў сенаце, у дэмакратаў імаверна будзе на 30 мандатаў больш за апанентаў у Палаце прадстаўнікоў. Прынамсі такія лічбы падаюць амерыканскія медыі на дадзены момант…

Стрыманая радасць у рэспубліканцаў і добрая нагода затанчыць дэмакратам? У Злучаных Штатах вяртаецца баланс паміж асноўнымі палітычнымі сіламі.

«Рэспубліканцы падарвалі мой рэспект да ўраду, зрабіўшы тое-сёе кепска, але ў цэлым у мяне пазітыўны погляд на розныя ўзроўні ўладаў», – кажа Браян, выбарца.

«У маім ідэальным свеце такія экстрэмальныя партызаны і кароткатэрміновыя мысляры, як рэспубліканцы, не павінныя пераабірацца. Але што зробіш, такая ў нас сістэма, і я не вельмі аптымістычна да яе стаўлюся», – гаворыць Элізабет, выбарца.

Гегемонія рэспубліканцаў у абедзвюх палатах Кангрэсу працягвалася больш за 4 гады. Але цяжка назваць апошнія выбары поўным рэваншам дэмакратаў – яны прагулялі галасаванне на сенатараў у некалькіх важных штатах, кшталту Флорыда, Тэхас і Тэнэсі. Агулам рэспубліканцы нават палепшылі свае пазіцыі ў сенаце на два крэслы.

«Я адчуваю, што Тэхас, як дзяржаву, не чапляе такое лайно як меншасці ці жанчыны, ці кантроль на зброяй ці імігрантамі», – распавядае Эліян Лазано, жыхарка Тэхаса.

Дэмакраты ж сталі не толькі больш паспяховыя, але і яшчэ больш… дэмакратычныя. Цяпер у мясцовай «палатцы» рэкордная колькасць жанчын – 85 чалавек і 2 з іх – мусульманкі – упершыню ў палітычнай гісторыі Штатаў. Дачка палестынскіх уцекачоў Рашыда Тлэйб, выбралася ад Мічыгану, а выбарцы суседняй Мінэсоты – дэлегавалі ў ніжнюю палату нарадзінку Самалі Ілан Амар. Ну і ўпершыню ў Кангрэсе ЗША будзе засядаць карэнная жыхарка гэтых земляў – Дэб Галанд. Яна прадстаўніца індыйскага племені Лагуна Пабло. Гэткім чынам 222 мандатаў дэмакратаў супраць рэспубліканскіх 199. Ледзьве хапіла. Для кантролю адной партыі неабходна 218 месцаў.

«Сёння мы стаім па-над дэмакратамі і рэспубліканцамі. Гаворка вядзецца аб узнаўленні канстытуцыйных стрымліванняў і супрацьвагаў датычна адміністрацыі Трампа. Гэта і спыненне нападак на Рэспубліканскую партыю, і нападак на Закон аб дасяжнай медычнай дапамозе і абслугоўвання для 130 мільёнаў амерыканцаў», – тлумачыць лідарка Дэмакратычнай партыі ў парламенце Нэнсі Пэлоўскі.

Цяпер дэмакраты змогуць блакаваць большасць рашэнняў Трампа, а таксама прынамсі зыніцыяваць імпічмент прэзідэнта. Ужо найбліжэйшым часам новы склад кангрэсу мае разгледзець далейшыя рашэнні аб гандлёвай вайне з Кітаем і новых санкцыях датычна Расеі.

«Нягледзячы на тое, што рэспубліканцы кантралявалі Сенат і Палату прадстаўнікоў, тым не менш, яны давалі адпор і не дазвалялі Трампу радыкальна мяняць вонкавую палітыку. Таму, магчыма, нейкія змены будуць, але ці будуць яны радыкальныя? Я ў гэтым сумняюся», – каментуе Валеры Кавалеўскі, аглядальнік, Беларуска-Амерыканскае Заадзіночванне.

Афіцыйныя вынікі выбараў у Кангрэс стануць вядомыя цягам сутак. Аднак Доналд Трамп ужо асабіста затэлефанаваў лідарцы дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўсі ды павіншаваў з перамогаю.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары