Манапалісты завышаюць кошты. Ці ёсць рашэнне?


Манапалісты завышаюць кошты. Змагацца з імі мусіць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, але праблема ўсцяж застаецца.

Прыклад – нядаўняе рэзкае падаражэнне кураціны. Але ўжо днямі гэтае ведамства набудзе новыя паўнамоцтвы для таго, каб перадухіляць коштавыя змовы і забяспечваць сумленную канкурэнцыю. Як гэта будзе рабіцца, што перашкаджала дагэтуль і якім чынам гэта ўсё адаб’ецца на беларусах?

Прадаюць неапраўдана дорага, а канкурэнцыю, каб не збівалі коштаў, адцясняюць адміністратыўнымі захадамі. Гэтак, паводле беларускіх дзелавых асацыяцыяў, паводзіць сябе бальшыня дзяржаўных прадпрыемстваў. Але не толькі дзяржаўных.

Гэтак, каля тыдня таму Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю распачало расследаванне прычынаў павелічэння коштаў на кураціну. У адзін дзень кошты на мяса гэтай птушкі падскочылі больш як на чвэрць. І зрабілі гэта адначасова сем найбуйнейшых вытворцаў.

«Тут вялікія грошы. Тут пакуль у нас няма яшчэ такіх інструментаў, як саюзы спажыўцоў. Не дзейнічае дастаткова шырокі спектр барацьбы з манаполіямі», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Удзельнікі рынку тлумачаць падаражэнне новымі магчымасцямі экспарту птушынага мяса ў Расею ды Кітай. Вось толькі за мяжой гэтыя вытворцы прадаюць кураціну танней, чым у Беларусі, нягледзячы на дадатковыя транспартавыя выдаткі. Пра гэта нам заявіў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Беларусі Віктар Маргелаў. Адмыслоўцы тлумачаць: сітуацыя з завышэннем коштаў мае месца ў бальшыні галінаў, дзе няма канкурэнцыі.

«Жыллёва-камунальныя паслугі – абсалютны манапалізм. Прычым, кандовы такі. Манапалізм, які трэба разбіваць найбліжэйшым часам. Манапалізм у раздробным гандлі», – працягвае Леанід Заіка.

Супраць вытворцаў кураціны цяпер вядзецца антыманапольнае расследаванне і, калі яны сапраўды паднялі кошты пасля змовы, то будуць аштрафаваныя, кажуць чыноўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Але сістэмная праблема – глыбейшая, тлумачаць адмыслоўцы. Праблема ў тым, што вытворцы, якія б маглі збіваць кошты манапалістам, маюць няроўныя з імі ўмовы канкурэнцыі.

«Наглядны прыклад такога стаўлення – стварэнне холдынгаў, якія ёсць манапалістамі. Напрыклад, стварэнне холдынгу ў вытворчасці алкаголю», – заўважае эканаміст Леанід Фрыдкін.

Як вынік, атрымліваецца, што падаткаплатнікі ўкладаюць свае грошы ў дзяржаўныя фабрыкі, з разлікам, што коштам гэтых укладанняў іх прадукцыя будзе таннейшай. Замест гэтага, кошты – наадварот, вышэйшыя, а звышпрыбыткі, нярэдка, сыходзяць у кішэні карупцыянераў. Гэтак, у 2014 годзе дырэктарка дзяржаўнай Віцебскай бройлернай фабрыкі Ганна Шарэйка была прызнаная вінаватай у тым, што набывала для фабрыкі птушыны корм паводле завышаных коштаў у фірмы свайго каханка.

«Галоўная праблема антыманапольнага рэгулявання ў Беларусі – абсалютнае дамінаванне дзяржавы ў эканоміцы», – адзначае Леанід Фрыдкін.

Ужо з 3 жніўня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю атрымае новыя паўнамоцтвы. У прыватнасці, ведамства зможа накладаць адміністратыўную адказнасць на суб’екты, што не прыслухаюцца да вынесенага папярэджання. Адмыслоўцы ж звяртаюць увагу, што МАРГ і дагэтуль меў сур’ёзныя інструменты ўздзеяння, а сутнасць праблемы – у недастатковай яго незалежнасці і ўкамплектаванасці кадрамі. То бок, ведамству часта не хапае рук, а тых манапалістаў, якія маюць моцнае лобі ва ўрадзе, ведамства часта не наважваецца чапаць.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu