Мамы асуджаных па арт. 328 галадаюць, каб сустрэцца з Лукашэнкам


«Матчын рух 328» спадзяецца, што ў справу ўмяшаецца кіраўнік краіны, бо міністру ўнутраных справаў і судам яны ўжо не вераць.

Прыблізна кожны трэці зняволены ў нашых турмах сядзіць менавіта паводле гэтага артыкулу Крымінальнага кодэксу. Сын Наталлі Шарыпы – у спісе тых, каго абвінавацілі ў «незаконным абароце наркатычных рэчываў»: чатырнаццаць гадоў турмы для дваццацігадовага маладзёна. Частка сур’ёзная – арганізаваная група.

«Доказы не тое каб сумнеўныя, іх проста няма. Іх узялі як быццам з муляжом, то бок нават натуральнага рэчыва не было. Вага гэтага муляжа ўдвая павялічылася», – кажа Наталля Шарыпа з «Матчынага руху 328».

І такіх гісторыяў – сотні, калі не тысячы. Праваабаронцы кажуць пра шматлікія парушэнні ды судовыя канвееры.

«Мы даволі часта сутыкаемся з тым, што замест часткі першай [арт. 328] ставяць у віну частку трэцюю. Па цалкам недапушчальных доказах. Суды фактычна ідуць насустрач следчым і прымаюць абвінаваўчы ўхіл», – кажа Андрэй Бандарэнка з праваабарончай арганізацыі «Платформа».

А таму неабходна максімальна прыцягваць увагу да праблемы, мяркуюць прадстаўніцы Руху маці 328. Напярэдадні дванаццаць жанчын сабраліся ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну і ў Калінкавічах на Гомельшчыне ды абвесцілі пра бестэрміновае галадаванне. Сёння да іх далучыліся магілёўскія ўдзельніцы руху. Асноўныя патрабаванні кабет, якія лічаць сваіх сваякоў незаконна асуджанымі – сустрэча з кіраўніком краіны, перагляд справаў і як вынік – вызваленне арыштаваных.

«Хацелася б, каб гонар мундзіра быў больш каштоўны для тых людзей, якія носяць пагоны. Каб яны перасталі ляпіць справы пад адзін капыл: не ўстаноўленае тое, не ўстаноўлены час, не ўстаноўленае месца», – кажа Алена Кузьміна з «Матчынага руху 328».

І галадоўніц ужо пачулі. Учора ўвечары ў калінкавіцкую кватэру, дзе галадавалі некалькі актывістак, з’явіліся гарадскія чыноўнікі і запрапанавалі жанчынам сустрэчу 2-га траўня ў Адміністрацыі прэзідэнта. Вось толькі сустракацца з Наталляю Качанавай маці асуджаных плануюць ехаць галоднымі, бо галоўная іхная мэта – сустрэцца з кіраўніком дзяржавы.

Ларыса Жыгар, стваральніца «Матчынага руху 328», заяўляе, што «галадаванне – бестэрміновае»

«Будзем стаяць да таго часу, пакуль улады нас не пачуюць», – кажа Жыгар.

Маюць актывісткі і больш аддаленыя прапановы – увесці змены ў заканадаўства ў бок змяншэння тэрмінаў зняволення за наркотыкі або дыферэнцыяваць пакаранне ў залежнасці ад ступені віны. З гэтым катэгарычна не пагаджаецца Міністэрства ўнутраных справаў.

«Бо спажывец сам па сабе – гэта рынак, утварэнне наркатычнага рынку ў краіне. Не займацца ўнутраным спажываннем, а проста змагацца з каналамі – гэта занадта аднабока, выніку не прынясе», – сцвярджае міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

Праціўнікі ж артыкулу 328 адзначаюць, што часта яго выкарыстоўваюць і ў палітычных мэтах, для барацьбы з нязгоднымі або папросту дзеля выканання ўласных планаў ды атрымання чарговых зорачак на пагонах. Бо як яшчэ патлумачыць, што пры афіцыйна нізкім узроўні злачыннасці і беспрацоўя нашая краіна – адзін з еўрапейскіх лідараў у колькасці асуджаных? У лютым кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на гэтую праблему.

«Ці не хаваецца за дасягнутымі поспехамі барацьба з дробнымі збытчыкамі наркотыкаў ці тымі, хто ўжо сеў на гэтую іголку? Ну, а дзе тыя, хто сёння партыямі пастаўляюць гэтую наркату ў Беларусь?», – пытаўся Лукашэнка.

МУС Беларусі не прапаноўвае аніякай рэсацыялізацыі ў будучыні тым 17-ці, 18-цігадовым падлеткам, якія выйдуць на волю ў 27-28 гадоў. А паводле даследаванняў CASE Belarus, амаль палова асуджаных беларусаў не маюць ані прафесіі, ані досведу працы. Зламаць значна прасцей, чымся выправіць, кажа народная мудрасць.

Сцяпан Святлоў; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum