Аб'ектыў 03.04.2018 Мама жаўнера – Лукашэнку: сына робяць інвалідам!


Як бараніцца ад Міністэрства абароны? «Белсат» ужо рабіў сюжэты пра жаўнера Кірыла Руткевіча, які перанёс спленэктамію – выдаленне селязёнкі, ён мае шэраг хранічных захворванняў, не сумяшчальных з нясеннем вайсковай службы, але вымушаны заставацца ў арміі, бо прызнаны годным. Большасць часу жаўнер праводзіць у медчастках. Маці хлопца Ірына Дзядзюшка баіцца, што дзяржава можа зрабіць з яе сына інваліда.

«Звяртаюся да міністра абароны Раўкова, міністэрства аховы здароўя, да прэзідэнта. Прашу, каб на майго сына звярнулі ўвагу. Так як стан здароўя яго пагоршыўся пасля прызыву ў войска. Фактычна дзяржава шкодзіць здароўю майго сына», – кажа Ірына Дзядзюшка.

Маці баіцца, што з сына зробяць інваліда

З чатырох месяцаў службы ў Печах амаль тры – Кірыл Руткевіч правёў у вайсковых медустановах. Лечаць жаўнера антыбіётыкамі, што яшчэ больш пагаршае ягонае здароўе.

«Нейкі жах. Я, на дадзены момант, проста баюся, што яны яго давядуць. Стану здароўя няма ніякага, плюс пнеўманіі, плюс ангіны, у 432–ім шпіталі пацвердзілі, што ангіна дае яму на ныркі», – скардзіцца спадарыня Дзядзюшка.

У войску ведалі пра хваробы з самога пачатку

Яшчэ ў дзяцінстве Кірылу выдалілі разарваную ў час траўмы селязёнку і ўставілі яе фрагмент. Таму ў хлопца аслаблены імунітэт, і яму патрэбныя асаблівыя ўмовы, якіх войска не можа забяспечыць. Кірыл лічыўся не прыдатным да службы, але ўвосень камісія вырашыла, што селязёнка – ужо ў норме. Хлопца прызвалі ў армію.

Маці спрабавала аспрэчыць рашэнне, але безвынікова. 432-гі вайсковы шпіталь ужо ў час службы, пасля скаргаў маці, пацвердзіў, што жаўнер годны. У Печах на Кірыла пачалі ціснуць, каб маўчаў пра свае хваробы.

«Чаму я, маці, не павінна ведаць, дзе мой сын знаходзіцца? Гэта таксама пытанне такое. Чаму дзіцяці нельга патэлефанаваць і сказаць, дзе знаходзіцца і з якой хваробай ляжыць? Ціск ідзе. І псіхалагічны ціск», – абураецца Ірына.

Няма каго ў армію прызваць!

Маці просіць чыноўнікаў прызначыць вайскова-медычную камісію і прызнаць Кірыла нягодным ці датэрмінова звольніць яго ў запас. Праваабаронцы адзначаюць, што па ўсёй краіне колькасць хворых жаўнераў у войску павялічваецца.

«Сёння сур’ёзная дэмаграфічная сітуацыя. Не хапае жаўнераў у армію, вялікая армія. Таму іх і набіраюць. Таму так шмат не задаволеных», – тлумачыць праваабаронца Алег Волчак.

У пералік захворванняў для вызначэння катэгорыі прыдатнасці грамадзянаў да вайсковай службы перыядычна ўносяцца папраўкі. Патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў зніжаюцца.

Грамадзяне маюць права абскарджваць рашэнне камісіі аб прыдатнасці ў войска, ды звярнуцца ў суд, але дабіцца станоўчых вынікаў у рэальнасці фактычна не могуць. На скаргі таксама часцей вяртаюць адпіскі. Таму розгалас у медыях становіцца ледзь не адзіным механізмам абароны грамадзянаў ад Міністэрства абароны.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары