Максім Знак аб‘явіў галадоўку, Сяргей Дылеўскі выйшаў на волю: хроніка пераследу


З ізалятару – на волю! Пасля 25 содняў адміністратыўнага арышту з турмы ў Жодзіне выйшаў чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады і старшыня стачкаму Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі. А ягонаму паплечніку з Рады Максіму Знаку агучылі абвінавачанне, у адказ ён абвесціў галадоўку.

Ізалятар часовага ўтрымання на тэрыторыі турмы ў Жодзіне. Тут трымаюць асуджаных за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Сёння з-за кратаў пасля 10 дзён арышту выйшла журналістка Валерыя Уласік.

«23.34 – за фотаздымкі з кветачкамі ў інтэрнэце. Так што ўсе дзяўчыны, якія посцяць фоткі з кветкамі, будзьце асцярожныя: гэта можа каштаваць вам дзесяці содняў», – гаворыць Валерыя.

Затрымалі Валерыю дома 8 жніўня людзі ў цывільным, а ў кватэры, дзе яна жыве разам з маці – рэдактарам парталу TUT.by Галінай Уласік, – адбыўся ператрус.Ці вядзецца ў дачыненні Валерыі крымінальная справа за масавыя беспарадкі, дзяўчына яшчэ мае высветліць. Падчас зняволення да яе не дапускалі адваката і не вазілі ў Следчы камітэт – кажа Валерыя.

«Акрэсціна ЦІП – жах. Дастаткова двух дзён, каб зразумець, што гэта кашмар. І правільна кажуць што Жодзіна ў параўнанні з гэтым, гучна сказана, але санаторый, так. Кармілі дакладна лепш, было пацяплей, не такое ўсё смярдзючае. Учора нас вывелі на прагулку другі раз за ўсе мае дзесяць дзён, у чатырох сценах мы сядзелі безвылазна, гэта было цяжэй за ўсё», – распавядае Валерыя.

Таксама сёння пасля 11 дзён за кратамі выйшла на волю Станіслава Гусакова – сяброўка Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада».

«Мяне абвінавацілі ў тым, што я заклікала да ўдзелу ў маршы жаночым 29 жніўня. У справе былі скрыншоты маіх паведамленняў. Я прызнала віну і я лічу, што гэтая справа магла скончыцца штрафам, калі не лічыць таго факту, што свабода сходаў – гэта наша неад’емнае права. І ў прынцыпе гэтыя меры пакарання вельмі несуразмерныя», – гаворыць Станіслава.

Пасля 25 содняў арышту ў Жодзіне на волю выйшаў чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады і кіраўнік стачкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі. Каментара ён не даў і адразу з’ехаў.

24 жніўня Дылеўскага за нібыта масавае мерапрыемства затрымалі на прахадной трактарнага заводу, куды ён прыйшоў падтрымаць работнікаў разам з паплечніцаю з Каардынацыйнай рады Вольгаю Кавальковай.Яшчэ адно сумна вядомае месца – ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Менску. Сёння стала вядома, што тут утрымліваюць каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову, якая дакументавала выпадкі катаванняў. Затрымалі яе напярэдадні. Крымінальная справа распачатая за нібыта падрыхтоўку масавых беспарадкаў.

«У нас ёсць усе падставы меркаваць, што гэта звязана выключна з дзейнасцю вясны, з дзейнасцю Марфы ў «Вясне». Сёння мы прынялі адпаведную заяву: мы патрабуем неадкладна вызваліць Марфу Рабкову, спыніць крымінальны пераслед у дачыненні яе ды перастаць аказваць ціск і пераслед «Вясны» ды сябраў «Вясны», – кажа намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Сёння ж адвакату і чальцу прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максіму Знаку следчыя выставілі абвінавачанне: заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. На знак пратэсту ён аб’явіў галадоўку.

Анастасія Русецкая, «Белсат»