Максім Філіповіч на волі. Суды за акцыі недармаедаў працягваюцца


Пакуль адных вызваляюць з арышту – іншых судзяць. А кагосьці – магчыма рыхтуюць да судоў: у доме грамадскіх актывістаў бацькі і сына Чарнавусаў у Баранавічах больш за 3 гадзіны ішоў ператрус, у выніку якога забралі аргтэхніку. Судовы канвеер у беларускіх рэгіёнах.

Лідар у колькасці содняў – Максім Філіповіч

Блогер выйшаў на волю з ізалятару часовага ўтрымання ў Гомлі. У зняволенні актывіст быў з 13-га сакавіка, адбываючы пакаранне па трох прысудах за ўдзел у акцыях пратэсту ў розных гарадах Беларусі.

Каб сябры не змаглі яго сустрэць каля ізалятару, вызваленага прывезлі ў РАУС. Цяпер блогера чакае яшчэ адзін працэс за ўдзел у маршы недармаедаў у Пінску 11 сакавіка.

Вывезлі ад ізалятару часовага ўтрымання ў Берасці і Наталлю Папкову

Актывістка «Маладой Беларусі» адбыла 5 сутак арышту за ўдзел у маршы недармаедаў 19 лютага.

Наталлю Папкову пасля таго, як яна стала лідаркаю адной з берасцейскіх акцыяў пратэсту, ужо некалькі разоў вазілі на абследаванне ў псіхіятрычны дыспансер. А ўчора проста з ізалятару яе прывозілі ў суд, дзе прысудзілі Br 460 штрафу за хуліганства. Актывістку абвінавацілі ў зневажанні працаўнікоў міліцыі. Выступалі ў судзе і тыя міліцыянты, якіх дзяўчына нібыта зняважыла.

Папкова разам з адвакатам рыхтуюць скаргу на гэты прысуд

Дзеянні міліцыянтаў ужо выходзяць з-пад кантролю іхнага кіраўніцтва.

«Калі раней практыка «абылгаць і пасадзіць» прымянялася па ўказцы зверху, то на сённяшні дзень мы бачым што міліцыя пачынае самастойна карыстацца незаконнымі метадамі», – звяртае ўвагу праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

У Пінску судовы працэс у самым разгары

Прынамсі 12 судовых паседжанняў цягам гэтага тыдня. Судзяць пінчукоў за ўдзел у акцыі пратэсту 26-га сакавіка, калі на цэнтральную плошчу Пінску выйшлі каля 60-ці асобаў на знак салідарнасці з затрыманымі на Дзень Волі ў Менску і супраць Дэкрэту № 3. Ужо чацвёра пінчукоў атрымалі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Адзін з іх – былы дэпутат, 83-гадовы Іван Жук. Інвалід другой групы з праблемамі зроку і слыху віны сваёй не прызнаў.

Не ўсе з фігурантаў працэсаў у Пінску хочуць публічнасці

Гэта сведчыць пра запалохванні. Але, на думку Міколы Статкевіча, таго, што адбываецца ў краіне, ужо не спыніць.

«Калі людзям няма чаго есці, яны раней ці пазней губляюць страх і мы гэта бачым. Беларусь напярэдадні драматычных змен і хацелася б каб змены былі да лепшага і каб яны былі бяскроўнымі», – заявіў палітык.

Заўтра ў рэгіёнах – чарговыя вызваленні

У Віцебску вызваляецца актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў. А у Пінску – чарговыя вызваленні.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: naviny.by