Майнінг крыптавалютаў акупіць будоўлю БелАЭС?


Лічбавыя эксперыменты працягваюцца. У Беларусі запускаюць уласную лакальную крыптавалюту. Стваральнікі «Талеру» – а менавіта гэтак яны назвалі беларускую сістэму электронных плацяжоў, заснаванай на тэхналогіі блокчэйн – кажуць, што ў гэтым яны піянеры на постсавецкай прасторы. Пад час прэзентацыі ў Менску, яны дадалі, што капіталізацыя іх койна ўжо складае больш за Br 1 млн.

Беларусы: эканамічны аглядальнік Дзяніс Лаўнікевіч і айтышнік Сяргей Лаўрыненка, пачалі працаваць над праектам лакальнай крыптавалюты яшчэ да таго, як выбуховае ўздаражэнне біткоіна вывела тэхналогію блокчэйн у мэйнстрым.

Блокчэйн – гэта сістэма пераводу грошай паміж людзьмі без удзелу банкаў ці іншых пасярэднікаў. Але, каб перавесці свае грошы праз блокчэйн, іх спярша трэба канвертаваць у крыптавалюту. На сённяшні дзень у свеце запушчана больш за 1300 тыпаў дыгітальных грошай. Чакаецца, што легалізацыя блокчэйну і крыптавалютаў у Беларусі будзе датычыць ня ўсёй краіны, а перадусім свабоднай эканамічнай зоны, што завецца Парк высокіх тэхналогіяў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»