Майк Пампэа: ЗША хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць незалежную дзяржаву


Беларусь мае дастаткова нафты, каб не спыняць перапрацоўчыя заводы ў лютым. Як заявіў канцэрн «Белнафтахім», сітуацыю ратуюць пастаўкі з Расеі і Нарвегіі, запасы на заводах і ўласная здабыча сыравіны. Аляксандр Лукашэнка пайшоў далей – паабяцаў, што з нафтай дапаможа Майк Пампэа.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Беларусь не просіць крэдытаў і прапаноўвае празрыста супрацоўнічаць, а Расея ў адказ спрабуе нахіліць і ўдарыць па галаве па-візантыйску – заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Добруш. Ударыць газавай і нафтавай трубой: паводле кіраўніка Беларусі, Масква не проста адключыла пастаўкі нафты, але і настойвае на сусветным кошце – $ 55 за барэль + прэмію $ 12 за тону. Прыродны газ таксама даражэй: $ 127 за тыс.куб.м. расейскага, хаця спотавы газ у Еўропе каштуе да $ 100 – абурыўся Лукашэнка:

«Але калі вы паабяцалі за 5 гадоў (калі «Белтрансгаз» купілі) вывесці нас на ўнутрырасейскія кошты, то выводзьце. Навошта вы нас падманваеце? Думаеце, што мы пра гэта забыліся – а мы не забыліся».

Так што будзе пра што паразмаўляць з Пуціным у гэтую пятніцу. У Крамлі сустрэчу пацвердзілі.

«Нейкі момант ісціны настаў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расеяй). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар’еры. Мы ж не вечныя».

Дапамагчы Беларусі адстойваць незалежнасць праз інвестыцыі і гандаль яшчэ ў суботу прапанаваў дзяржсакратар ЗША, хоць Майк Пампэа падкрэсліў, што Вашынгтон не патрабуе ад Менску выбіраць нейкі адзін з бакоў:

«Злучаныя Штаты хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць незалежную дзяржаву. Нашыя кампаніі-вытворцы гатовыя даставіць 100% нафты паводле канкурэнтнага кошту. Мы найбуйнейшы вытворца энерганосьбітаў у свеце, і ўсё, што вам трэба, пазваць нас», – заявіў Майк Пампэа у Менску.

Сёння Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатовая накіраваць свайго амбасадара ў ЗША – пасля 11 гадоў перапынку. Амерыканскія медыі называюць асноўнаю кандыдатурай на амбасадара ў Менску намесніцу памочніка дзяржсакратара Джулі Фішэр, але Беларусь пакуль не атрымала афіцыйнага запыту.

«Для Доналда Трампа было б цікава ў межах выбарчай кампаніі паказваць, што з Беларуссю таксама выбудоўваюцца бізнес-стасункі, і што Беларусь цяпер таксама калі не партнёр, то дакладна не праціўнік ЗША», – лічыць Дзмітрый Салоннікаў, дырэктар Інстытуту сучаснага дзяржаўнага развіцця.

Як мяркуе палітолаг з Санкт-Пецярбургу, расейскія ўлады сапраўды могуць ціснуць на Менск коштам на вуглевадароды, але толькі таму, што там няма адзінай замежнай палітыкі.

«Тыя, хто могуць выціснуць максімальную выгаду ад продажы нафты, нягледзячы на палітычныя інтарэсы Расеі і доўгатэрміновыя інтарэсы ў межах інтэграцыі дзвюх дзяржаваў, будуць спрабаваць тут і цяпер выціснуць гэтую выгаду», – кажа Салоннікаў.

Беларуская экспертка, рэдактар выдання «Белорусский Ежегодник» Валерыя Касцюгова лічыць заявы Лукашэнкі аб дапамозе з боку Захаду толькі часткай гандлю з Масквой:

«У Майка Пампэа ёсць усе падставы казаць, што «кошт нашай нафты будзе канкурэнтным». То бок не вышэй за сусветны. Але гэта не значыць, што яна будзе таннейшай за расейскую, тым больш дастаўка ўляціць у нейкія грошы».

Але сённяшняя праамерыканская рыторыка Лукашэнкі ўнікальная: ён заявіў, што Беларусь праводзіла найсур’ёзнейшыя спецаперацыі ў кантакце з ЦРУ, калі яго ўзначальваў Майк Пампэа.

Яраслаў Сцешык belsat.eu