Майк Пампэёў наведае Беларусь пасля рашэння сітуацыі ў Іраку

Кіраўнік Дзярждэпартаменту ЗША адклаў на нявызначаны тэрмін візіты ў Беларусь, Украіну, Казахстан, Узбекістан і Кіпр. Замест гэтага Пампэёў застаўся ў Вашынгтоне ў інтарэсах уласнае дзяржавы.

750 амерыканскіх дэсантнікаў вылецелі на Блізкі Усход, каб стабілізаваць сітуацыю ў Іраку. У апошні дзень года дыпмісію ЗША ў гэтай краіне штурмаваў натоўп, абураны ўдарамі амерыканцаў па пазіцыях праіранскіх сілаў у Іраку і Сірыі, здзейсненых напярэдадні ў адказ на ракетную атаку, у якой загінуў жаўнер ЗША.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў заявіў:

«Гэтая атака працягваецца не першы тыдзень. Гэта была серыя чарговых нападаў на гэты канкрэтны іракскі аб’ект і іншыя, дзе ёсць рызыка жыцця амерыканцаў».

У Белым доме прагучала слова «вайна», як папярэджанне Тэгерану, які мае ўласныя інтарэсы ў Багдадзе. Бэгнам Бэн Талеблю, Фонд абароны дэмакратыяў, ЗША, каментуе:

«У найбліжэйшай перспектыве Іран і Вашынгтон будуць двума галоўнымі замежнымі гульцамі ў знешняй, унутранай палітыцы і палітыцы бяспекі Іраку».

Падчас абвастрэння сітуацыі дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў змяніў планы ў сваім календары. Бо заўтра меўся наведаць Кіеў, 4 студзеня – Менск, а 5 студзеня – Нур-Султан.

«Але застаўся ўдома, каб не паўтараць памылак былой дзяржсакратаркі Гілары Клінтан пасля забойства дыпламата ў Бенгазі», – перакананы Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Вашынгтоне. – «Яна ў той момант прадэманствала недастатковы ўдзел ва ўрэгуляванні той сітуацыі, калі быў забіты амерыканскі амбасадар у Лівіі. Гэта стала прычынаю сур’ёзнай крытыкі на ейны адрас і магчыма – каштавала ёй прэзідэнцкай пасады».

Пампэёў усю ўвагу скіраваў на вырашэнне пільнага нацыянальнага пытання. Хоць візіт у Кіеў таксама меў амерыканскую павестку:

«На фоне імпічменту Трампа, скандал з якім разгарэўся ў сувязі з размоваю Трампа з Зяленскім, Пампэёў хацелася прадэманстраваць падтрыманне Украіне, нягледзячы ні на што. Але і Беларусь, безумоўна, сталася невыпадковым пунктам у яго праграме», – цвердзіць аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

У 2019 годзе, калі Беларусь пайшла на паглыбленне інтэграцыі з Расеяй, Менск наведалі дзве амерыканскія дэлегацыі, у тым ліку намеснік Майка Пампэёў Джон Болтан. За кожным разам гучалі словы падтрымання незалежнасці Беларусі. Віталь Цыганкоў называе прычыну:

«ЗША, відаць, сурʼёзна занепакоеныя падзеямі вакол гэтак званай інтэграцыі. Мы бачым апошнія падзеі, гэта і манеўры, якія пройдуць у Літве ў 2020 годзе, гэта таксама павелічэнне кантынгенту амерыканскіх войск і войск NATO у краінах Балтыі і Польшчы».

Троху раней Вашынгтон назваў усцяж залежныя ад Крамля былыя савецкія рэспублікі – бастыёнам супраць пашырэння Расейскага ўплыву. Праз 11 гадоў дыпламатычнага крызісу, летась Менск зняў абмежаванне на колькасць супрацоўнікаў амбасады ЗША. Бакі дамовіліся абмяняцца дыпламатамі. Тлумачыць Валер Кавалеўскі, Беларуска-амерыканскае задзіночанне ў Вашынгтоне:

«Ёсць інфармацыя пра тое, што гэта можа здарыцца ўжо ў траўні гэтага года. Амерыканцы настроеныя даволі рашуча, хочуць накіраваць свайго амбасадара вельмі хутка. Для Вашынгтона гэта насамрэч вельмі хутка».

Такім чынам пасол ЗША можа распачаць працу ў Менску яшчэ да таго, як на мапе зʼявіцца новы будынак амбасады. Стары – не адпавядае новым правілам бяспекі, уведзеным акурат пасля выпадку з забойствам амбасадара краіны ў Бенгазі.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама