Магія Шчодрыка. Як продкі варажылі ў шчодры вечар

(глядзіце матэрыял на 9.39 хвіліне)

Сёння незвычайны вечар. Нашыя продкі яго называлі Шчодрык. Увечары напярэдадні Новага года паводле старога стылю ладзілі багатую бяседу і шчадравалі: з танцамі ды спевамі абыходзілі хаты. А ўначы надыходзіў самы спрыяльны час для магічных прадказанняў.

У зімовыя святы людзі хацелі зазірнуць у будучыню. Таму ў вёсцы варажылі ад Калядаў і да Вадохрышча. Але менавіта Шчадрэц напярэдадні Новага года паводле старога стылю лічыўся самым магічным, калі ўсё абавязкова спраўджвалася.

У шчодры вечар гатавалі багатую шчодрую куццю, на стол ставілі ўсё найсмачнейшае. А пасля бяседы – час варажбы. Варажылі і дарослыя, і дзеці, асабліва ж – незамужнія дзяўчаты, якія хацелі даведацца, што іх чакае ў наступным годзе.

«Наліла вады ў міску і паклала трэсачку, і гэтую трэсачку ставіла пад ложак. І казала: «Сужаны-ражаны, прысніся мне наражаны, хто будзе пераводзіць мяне праз масток, той і будзе маім жаніхом». І клалася спаць. І калі яна раніцой прачыналася, то ўжо ведала, хто будзе жаніх», – кажа Лідзія Малькевіч, музей народнай архітэктуры і побыту.

Натуральна, менавіта пытанне пра жаніха было галоўнае, з якім ішлі да варажбіткі. Пад ручнік тая хавала розныя прадметы, а дзяўчаты выцягвалі свой лёс.

«Калі хлеб – значыць, багата будзе жыць, дастатак у хаце. А вось калі такі выцягне пярсцёнак, не залаты, а срэбны – значыць будзе ў яе хлапец з іншай вёскі», – працягвае Лідзія Малькевіч, музей народнай архітэктуры і побыту..

Калі дзяўчына выцягне кніжку – выйдзе замуж за разумнага хлопца, калі люстэрка – за прыгожага, калі гузік ад шыняля – за вайскоўца. Шчотка азначае, што жаніх будзе з характарам, а як кілішак, то хутчэй – пітушчы.

Варажылі таксама з дапамогаю свечкі. Капалі воскам у ваду і глядзелі, якая выява атрымаецца.

«Першы раз у цябе тут вылілася адна фігурка, а потым другая, вось я бачу, што адно да аднога вы наблізіліся, так што мабыць быць табе замужняй жанчынай».

Будучыню людзей часта прадказвала жывёла. Перад пеўнем ставілі зерне. З чыёй міскі ён клюне, тая дзяўчына першая пойдзе замуж. А сытага сабаку спакушалі блінамі, калі ён блін лізне ці ўкусіць – тая, хто яго пякла, будзе шчаслівая.

«Ноччу дзяўчаты ішлі ў хлеў і хапалі нейкую жывёліну. Калі гэта быў самец, баран, то будзе замужжа, трэба чакаць сватоў. Калі авечка, то не», – распавядае Паліна Курановіч, музей народнай архітэктуры і побыту.

Шчаслівай у варажбе лічылася цотная колькасць чаго-небудзь. Бралі похапак трэсак у фартух, неслі ў хату і лічылі іх, калі цот – дзяўчына сустрэне добрага хлопца, а калі не – давядзецца пачакаць.

А каб шчасце прыйшло хутчэй, ў свята да вас завітае Шчодрая. Яе абіралі сярод самых прыгожых дзяўчат у вёсцы, разам з ёю хадзілі па хатах, спявалі, зычылі гаспадарам ураджаю, а дзяўчатам сустрэць свой лёс.

Аляксандра Дорская, «Белсат»

Глядзі таксама