Магілёўцы звярнуліся ў пракуратуру, каб пакараць завод «Омск Карбон»


«Гэта катастрофа, па-сутнасці», – гэтак магілёўцы кажуць пра завод «Омск Карбон», які ў лістападзе засыпаў наваколле слоем чорнай сажы. Кіраўніцтва прадпрыемства, якое мае напоўніцу запрацаваць увесну, лічыць сітуацыю штатнай. Але незалежных журналістаў ды прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў на прэсавую канферэнцыю, прысвечаную экалагічнай сітуацыі, не пусціла Алена Дзівакова, кіраўніца ўпраўлення аблвыканкаму для працы з медыямі.

«Пакажыце пасведчанне, што вы журналісты зарэгістраванага ў Беларусі СМІ».

Нашы акрэдытаваныя калегі журналісты падзяліліся інфармацыяй, якую даносілі за зачыненымі дзвярыма чыноўнікі.

«Галоўны пасыл такі, што факту забруджвання менавіта ў зоне пражывання людзей не было. Па меншай меры гэта не ўстаноўлена. Каб устанавіць гэты факт, трэба замяраць паўторна пасля трыццаці дзён», – кажа журналіст БалаПАН Уладзімір Лапцэвіч.

Паводле чыноўнікаў, інфармацыя пра 40-разовае перавышэнне шкодных рэчываў у паветры – недакладная. Маўляў, яна датычыць толькі коміну, з якога выходзіў дым. Цяпер прадпрыемства планава спыніла пусканаладачныя працы, і выкідаў больш не будзе. А дазволу на эксплуатацыю заводу не дадуць, пакуль не ўсталююць аўтаматычную сістэму кантролю за выкідамі. Вось толькі магілёўцы абяцанням не вераць:

«Што там фільтры нейкія паставяць, я думаю, што гэта не вырашыць ніякіх праблемаў. Усё адно, праверка прыедзе – уключаць фільтры, потым выключаць. А снег як быў чорным, так і застанецца».

Паводле магілёўскіх актывістаў, вытворчасць тэхнічнага вугляроду пабудавалі са шматлікімі парушэннямі і не толькі экалагічнымі. Уладзімір Краўчанка, Магілёўскі праваабарончы цэнтр:

«Яшчэ ў 2016-м кіраўнік МНС, які павінен кантраляваць будову прамысловых прадпрыемстваў, атрымаў хабар 2000 долараў. Нібыта яго пакаралі, але далёка не ўсіх».

Што ж цяпер рабіць са шкодным прадпрыемствам? Жыхары Магілёва:

«Грошы ўкладзеныя, закрыць яго практычна немагчыма. Я так лічу. Можа, толькі перапрафіляваць яго».

«Мы катэгарычна патрабуем, каб прадпрыемства або было зачыненае, або зробленыя належныя ачышчальныя збудаванні».

Днямі магілёўцы падалі зварот у пракуратуру Магілёўскай вобласці з патрабаваннем пакараць вінаватых у шкодным выкідзе і скампенсаваць шкоду жыхарам. Цяпер актывісты збіраюць подпісы пад зваротам у Савет Міністраў пра закрыццё і перанос небяспечнага заводу ў іншае месца.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu