Магілёўцы высвятляюць, чым пахне ў горадзе


Магілёўцы ўжо некалькі год пакутуюць ад дзіўнага паху ці то драўніны, ці лаку. Адзін вынаходлівы магілёвец нават стварыў тэлеграм-бот для фіксацыі пахаў у розных раёнах гораду.

Жыхары Магілёва хочуць дыхаць вольна і таму просяць уладаў адкарэктаваць праект 4-га ўчастку Свабоднай эканамічнай зоны, у які ўваходзяць 33 прадпрыемствы. Адпаведную петыцыю стварылі на сайце Petitions.by. Адзін са стваральнікаў петыцыі Уладзімір Шанцаў кажа:

«Па некаторых паказніках выкіды шкодных рэчываў набліжаныя ўжо да гранічных нормаў дапушчальных, і тое, што адчуваюць жыхары Магілёва, удыхаючы зараз, – ужо пастаянна існуючы пах драўніны».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Едкі пах з’явіўся ў Магілёве некалькі гадоў таму, што ў часе супала з запускам шэрагу дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Мы спраўдзілі ў розных раёнах гораду, ці адчуваюць пах жыхары, а калі так, то які ён. Вось што адказалі жыхары Ленінскага раёну Магілёва:

«Мы ў цэнтры жывём, асабліва не адчуваем. А на ўездзе – так, ёсць. Ну, лакам нейкім пахне».

«Я жыву на Спадарожніку і гэты пах не адчуваю».

«Наш раён яшчэ чысцейшы, а вось што на Задняпроўі – слоў няма, Вейна пакутуе больш за ўсіх».

Едзем бліжэй да заводаў – у Кастрычніцкі раён Магілёва. Жыхары Задняпроўя кажуць наступнае:

«Дзеці нашыя хварэюць – столькі заводаў кругом».

«На Цярохіна там. Пахне апілкамі, часта пахне. Ну, я думаю, што з новага прадпрыемства, мэблевага».

«Часам толькі бывае, як быццам вось ялінкамі пахне».

Часцей паветраныя масы ў Магілёве ідуць у кірунках з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход. То бок выкіды з заводаў здзімае на Магілёў ды на вёскі Вейна і Навасёлкі. Мясцовыя жыхары ўжо проста звыкліся з усімі пахамі:

«Мы жывём тут, у Вейне, чуем вельмі зʼедлівы пах, калі ў наш бок, то дыхаць зусім няма чым».

«Пах драўніны, клей, лакафарбавых вось гэтых. Тут зона адчужэння, трэба, як у Чарнобылі, ільготы нам даваць».

«За дзяцей дык страшна, ім тут далей жыць, і якія наступствы будуць, нам жа ніхто не скажа праўды».

Хоць пах і нельга замерыць, але вынаходлівы магілёвец Сяргей Пехцераў знайшоў спосаб, як сабраць інфармацыю. Сяргей стварыў тэлеграм-бот (pah bot), які рэгіструе адрасы, дзе людзі адчуваюць дзіўны пах.

«Выбіраецца адзін з шасці абразкоў паху, які пах з чым асацыюецца ды больш за ўсё асацыюецца з хіміяй і дрэвам», – кажа Сяргей.

Вынікі адлюстроўваюцца на мапе. Сёння магілёўцы могуць спаць з адчыненымі вокнамі – паху ў горадзе не выявілі. А вось скрын мапы за 4 лістапада: пах дрэва і хіміі выявілі ў розных раёнах Магілёва. Адзін з аўтараў петыцыі экалагічны актывіст Леанід Платоненка адзначае, што гэткі пах стварае сукупнасць шкодных рэчываў:

«Фенол аказвае ўздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму. Фармальдэгід афіцыйна прызнаны канцэрагенным рэчывам, то бок ён можа спрыяць развіццю ракавых захворванняў».

У такім разе людзі патрабуюць не павялічваць магутнасці прадпрыемстваў, што ўжо працуюць, і ўсталяваць станцыі аўтаматызаванага маніторынгу паветра, каб звесткі з іх былі даступныя ўсім.

Вольга Васільева belsat.eu