Магілёўцы талакою прыбіраюць лютэранскія могілкі, каб уратаваць іх


Жыхары Магілёву прыбіраюць лютэранскія могілкі, каб уратаваць іх ад разбурэння. Фота – «Белсат»

Прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацыяў сабраліся, каб прыбраць старажытныя пахаванні немцаў, палякаў, латышоў, беларусаў і расейцаў. Надмагіллі – у заняпадзе, калі іх не прывесці ў добры стан, могілкам пагражае знішчэнне.

Талакой узнялі некалькі старажытных надмагілляў. Помнікі належаць немцам, пахаваным у Магілёве ў 19 стагоддзі. Васкрасенскія могілкі зачыненыя ўжо больш як паўстагоддзя, а іх таямніцы яшчэ чакаюць даследнікаў.

«На гэтых Васкрасенскіх могілках пахаваны Канстанцін Шалыгін – гэта стацкі саветнік, доктар медыцыны. Што цікавае і адметнае, што надмагільныя помнікі гэтаму Шалыгіну знаходзяцца ў Магілёва аж у трох месцах», – распавядае пра адзін з разбураных помнікаў сябра ТБМ Алесь Сабалеўскі.

Відэарэпартаж аб талацэ на лютэранскіх могілках глядзіце ў поўным выданна навінаў за 27 красавіка

Ёсць у магілёўскага Таварыства беларускай мовы добрая традыцыя – увесну ладзіць талаку, прыбіраць занядбанае гістарычнае месца. Гэтым разам абралі Васкрасенскія могілкі, у народзе вядомыя як нямецкія, ці лютэранскія.

«На вялікі жаль, вось гэтыя дарэвалюцыйныя пахаванні знаходзяцца ў гаротным стане, многія крыжы вандаламі зламаныя, здадзены на металалом. Проста бачна, што яны зрэзаны, многія перакулены пастаменты», – кажа старшыня ТБМ у Магілёве Алег Дзьячкоў:

Пагнутыя агароджы, усё пазарастала хмызняком, а найгоршае – процьма смецця.

«Там усё закідана бутэлькамі з-пад піва, мы сабралі ўсе гэтыя бутэлькі, і я лічу, што гэтыя людзі, якія сюды прыходзяць піва папіць, яны малайцы, што збіраюцца ў адным месцы, не трэба бегаць па ўсіх могілках», – кажа пра свае знаходкі адна з актывістак Надзея Бацілава.

Могілкі месцяцца практычна ў самым цэнтры Магілёва, у атачэнні спальнага сектару. Але для большасці гараджанаў іх наяўнасць – таямніца. Сябра ТБМ Валянціна Крачкоўская прыйшла на талаку не адна, а з дачкой:

«Гэта Вельмі важна і для мяне і для выхавання дзяцей, мы вельмі мала ведаем і пра Магілёў, і пра жыхароў, якія тут былі даўней. Я сама не з Магілёва, таму мяне гэта ўсё цікавіць», – кажа спадарыня Валянціна.

Паводле Закону аб пахаваннях, занядбаныя магілы могуць быць дэмантаваныя. А гэтыя старажытныя могілкі простая няма каму даглядаць.

«Пакуль я прыбірала смецце, натрапіла на гэтае пахаванне. Яўна бачна, што старажытнае. Тут і лічбы стаяць, дата нараджэння – 1813 год. Мы ж у хаце прыбіраем, ну, радню сваю таксама прыбіраем. Нехта мусіць прыбраць гэтаму Францу Фердынандавічу, няхай сабе я прыбяру трохі», – кажа сябра ТБМ Наталля Шамянкова.

На месцы занядбаных могілак цяпер не будуюць дамоў, як рабілі раней. З гэтых месцаў робяць зялёныя зоны.

«Насамрэч імёны павінныя быць захаваны ўсе. Павінна быць праведзена інвентарызацыя настолькі, наколькі гэта магчыма. Зараз па ўсім свеце ствараецца база гэтых пахаванняў», – дадае сябра ТБМ Алена Асмакоўская.

Магчымасць захаваць старажытныя могілкі ёсць, але для гэтага іх трэба даглядаць.

Вольга Васільева, «Белсат»