Магілёўцы просяць спыніць ціск на дырэктара Музею гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова


Ратуша – сімвал вольнага Магілёва – у хуткім часе можа страціць свайго кіраўніка. З пасады дырэктара Музею гісторыі Магілёва, што месціцца ў ратушы, звальняюць Аляксея Бацюкова. Ён кіраваў установаю цягам апошніх дзесяці гадоў.

«Мне падабалася працаваць і мне працаваць хацелася б далей. Безумоўна, мне працаваць хацелася б далей, бо было бачна, што, калі робіш намаганні, гэта прыносіць станоўчы эфект», – прызнаецца Аляксей Бацюкоў.

На ініцыятыву Бацюкова Музей гісторыі Магілёва здолеў выкупіць гістарычна-культурныя каштоўнасці нацыянальнага значэння, сярод якіх – арыгінал Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, важная археалагічная знаходка – пяцісотгадовы меч рыцара, які бараніў Мсціслаў, і шмат іншых артэфактаў.

«Менавіта дзякуючы Аляксею Бацюкову магілёўскі музей стаў адным з самых вядомых у нашай краіне. Я вось сам працую экскурсаводам: калі прыязджаюць такія турысты, дэлегацыі, яны часта замаўляюць, адразу кажуць, што хочуць наведаць гэты музей, пабачыць Казіміра Семяновіча «Мастацтва артылерыі», якое пры Бацюкову набылі», – мяркуе экскурсавод і старшыня ТБМ у Магілёве Алег Дзьячкоў.

16-га лютага Бацюкоў працуе апошні дзень, далей кантракт з ім не працягваюць. Загадчык музею браў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў горадзе ды яшчэ ў жніўні разам з шэрагам калегаў напісаў адкрыты ліст супраць гвалту і за новыя выбары.

«У такой сітуацыі, калі ты цудоўна разумееш правату, маўчаць – гэта праявіць слабасць, а навошта так рабіць. Калі ўсе людзі будуць слабыя, то ў нас будзе грамадства слабае. Яны могуць, павінны, і добра, калі яны выказваюць сваё меркаванне, гэта для грамадства – асноўная крыніца росту, калі сутыкаюцца меркаванні», – тлумачыць Аляксей Бацюкоў.

Адзін з падпісантаў ліста супраць гвалту, былы намеснік Бацюкова Яўген Балбераў, каб выказаць свой пратэст, самастойна сышоў з пасады:

«Тады мне падавалася, што, можа, дзесьці гэта памылка, такое паспяховае рашэнне, але мы пабачылі, што, на 110 %, калі б не сышоў сам тады, зараз мы ці разам з Аляксеем Мікалаевічам, ці паступова былі б вымушаныя сысці».

Яўген Балбераў стварыў петыцыю, у якой просіць спыніць ціск на Аляксея Бацюкова і працягнуць з ім працоўны кантракт. З той жа просьбаю рыхтуе калектыўны зварот да старшыні Магілёўскага гарвыканкаму яшчэ адна працаўніца музею Алена Барысава. Яна, як Аляксей ды Яўген, падпісвала адкрыты ліст і брала ўдзел у мірных мітынгах.

«Для мяне ўсё ж такі ў маім узросце, у маім стане самая вялікая пагроза – гэта страта ўласнага сумлення, таму я думаю, што час усё паставіць на свае месцы», – каментуе музейная даглядальніца Алена Барысава.

Музей гісторыі Магілёва – не першая культурніцкая ўстанова, дзе спрабуюць разабрацца з ініцыятыўнымі людзьмі за іхнае меркаванне. Летась у лістападзе з Магілёўскага драматычнага тэатру звольнілі дырэктара Андрэя Новікава, які ў сваю чаргу не пажадаў на загад зверху звальняць сваіх супрацоўнікаў.

«Ёсць такая спакуса сказаць, што звольнілі Іванова, Пятрова, Бацюкова – і зараз усё загнецца. Канечне, усе гэтыя ўстановы – і тэатральныя, і музейныя – будуць функцыянаваць, абавязкова. Але той плённай, насычанай працы, той мясцовай разынкі ўжо не будзе», – кажа Яўген Балбераў.

І Музей гісторыі Магілёва, і Драматычны тэатр квітнелі апошнія гады і былі важнымі сімваламі гораду.

Вольга Васільева, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў