Магілёўцы паўсталі на абарону сваіх гаражоў і сараяў


Шэсцьдзесят гадоў жыхары вуліцы Будаўнікоў у Магілёве карысталіся гаспадарчымі пабудовамі ў дварах, і яны нікому не заміналі. А цяпер іх раптоўна пачалі зносіць, прычым без папярэджання.

«Гляджу, сарай зносяць мой. Там жа і замок, усё. Ой, ды не трэба, напэўна. Я выйшла, а што гэта вы робіце? Дык яна мат, рот за рот, усё, я кажу, а што гэта такое, усё паламалі», – кажа жыхарка дому № 12 па вуліцы Будаўнікоў Валянціна Ігнатовіч.

Жанчына, калі знасілі яе сарай, толькі стаяла і плакала. А вось іншы гаспадар сараю міліцыю ўсё ж такі выклікаў.

«Гэта робіць усё домакіраўніцтва: прыехалі, не папярэдзілі, не сказалі, што мы зносім. Яны забралі гэтыя дзверы, выцягнулі з хлява», – кажа мясцовы жыхар Раман Шыханцоў.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае незаконнасць такіх дзеянняў:

«Неабходна адразу ж падаць заяву ў міліцыю дзеля завядзення крымінальнай справы па факце крадзяжу і разбурэння маёмасці».

На наступны дзень 11 лютага паведамленні ўсё ж такі з’явіліся. На сараі ды гаражы на вуліцы Будаўнікоў наклеілі паперкі з патрабаваннем цягам 10-ці дзён вызваліць і самастойна знесці пабудовы.

«Нам даваўся сарай, калі мы засяляліся ў 56 годзе ў снежні месяцы, давалі нам кватэру і сарай», – тлумачыць жыхарка дому № 14 па вуліцы Будаўнікоў Аляксандра Сабалеўская.

Такія дрывотні выдзяляла дзяржава – дзеля захоўвання вугалю, якім тапілі кватэры. Калі ў дамы правялі цэнтралізаванае ацяпленне, то пабудовы сталі выкарыстоўваць дзеля сховішча бульбы і закрутак.

«А куды нам цяпер дзецца, чаму ў 63 гады ён не замінаў нікому, а цяпер перашкодзіў. Ён у добрым стане і ў сараі парадак», – абураецца Аляксандра Сабалеўская.

Некаторыя жыхары дамоў па вуліцы Будаўнікоў зрабілі з малых сарайчыкаў цэлыя гаражы:

«Няхай мы ўсе пафарбуем, акультурым, каб было ў нас усё добра, мы жывем у 21 стагоддзі, а нас за людзей не лічаць».

«Гэта ж смешна, як мы самі будавалі і самі будзем зносіць, ды рука не падымаецца».

«Мы гатовыя плаціць падатак на зямлю, там яшчэ нейкі падаткі, але няхай нам дазволяць гэта зрабіць».

Каб даведацца, якая прычына зносу збудаванняў, мы звярнуліся ў ЖЭУ-13. Майстар Аксана Паўлава адказала:

«Сараі размешчаны на землях агульнага карыстання, у цяперашні час знаходзяцца ў аварыйным стане, дакументы на іх у людзей адсутнічаюць».

Дакументы на дрывотні жыхарам выдаваліся, але падчас прыватызацыі і замены дакументаў гэтыя пабудовы ў тэхпашпарт запісалі не кожнаму.

«Калі яны пабудавалі незаконна, але не парушылі будаўнічыя нормы, там яшчэ нейкія нормы. Ім дадуць штраф і ўзаконяць іх сараі», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Жыхары цалкам згодныя на такі варыянт. Сямнаццатага лютага яны прапанавалі яго чыноўнікам з адміністрацыі Ленінскага раёну. На што намеснік главы адміністрацыі Ленінскага раёну гораду Аляксей Шарай ім адказаў:

«Напішыце, што вы хочаце, і калі гэта ўкладаецца ў нейкае заканадаўства, калі ласка. У нас ёсць дырэктыва № 1, калі розначытанні ідуць, то прымаецца на карысць грамадзяніна».

Пасля сходу жыхары напісалі калектыўны зварот з просьбай прыпыніць знос іхных гаспадарчых пабудоваў і даць ім магчымасць іх узаконіць. Са свайго боку людзі абавязваюцца падтрымліваць добры стан і акуратны выгляд сараяў і гаражоў.

Вольга Васільева, «Белсат»