ДАІ падала ў суд на адміністратара пабліку з «УКантакце»


За крытыку ДАІ – у суд. У Магілёве пачаўся разбор паводле пазову Упраўлення ўнутраных справаў супраць Аляксандра Ірхо, адміністратара суполак у сацыяльных сетках. Падставаю стала публікацыя на старонках «МОГИЛЕВ Live», «Бобруйск Live» і «МОГИЛЁВ real» сацыялагічнага даследавання. Адным з пытанняў было: «Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці?».

Хуткая і вострая рэакцыя Міністэрства ўнутраных справаў

«Так, ёсць супрацоўнікі ДАІ сумленныя, ёсць несумленныя. Тое, што недзе ёсць і несумленныя службоўцы, яны хочуць схаваць, але ў іх гэта кепска атрымліваецца. Чым больш яны гэта робяць, тым больш сябе ганьбяць», – зазначыў Аляксанр Ірхо.

У апытанні ўзялі ўдзел каля 1700 чалавек. Значная частка прызналася: даводзілася даваць даішнікам розныя сумы: ад $ 5 да $ 100. Аднак паводле канчатковых вынікаў большасць апытаных не сутыкалася з хабарніцтвам сярод працаўнікоў інспекцыі. Зрэшты, сам тэрмін «хабар» у пытаннях нават і не фігураваў. Але рэакцыя Упраўлення ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму была хуткая і вострая.

Суд запрапанаваў блогеру нерэальныя рэчы

Прадстаўнікі Упраўлення ўнутраных справаў патрабуюць ад блогера напісаць зняпраўжанне ды папрасіць прабачэнне за нанесеныя ведамству маральныя страты. У сваю чаргу суд запрапанаваў Аляксандру Ірхо развязаць праблему мірным пагадненнем, выканаўшы ўмовы МУС. Аднак той не разумее.

«Гэта нейкае варʼяцтва. Яны мне кажуць пісаць абвяржэнне. Але як яго напісаць? Я мушу знайсці 1700 чалавек ды трэсці іх, як хто галасаваў? Пазоў незразумелы».

Праваабаронцы на баку блогера

Пагатоў у адказах не фігуравалі канкрэтныя прозвішчы. Таму, паводле праваабаронцаў, пазоў аб абароне дзелавой рэпутацыі Упраўлення ўнутраных справаў – незаконны.

«Фактычна гэтую позву падалі ў абароне дзелавой рэпутацыі саміх супрацоўнікаў. Але, паводле закону, яны мусяць самі падаваць гэтую позву. Дзелавая рэпутацыя самога УУС тут не закранутая», – тлумачыць праваабаронца Барыс Бухель.

Чым скончыцца суд, пакуль прадбачыць складана

Наступнае паседжанне запланавалі на 27-га снежня. Ужо сёння праваабаронцы не сумняюцца, што інцыдэнт выкліканы спробаю МУС блакаваць інфармацыю аб злоўжываннях сярод сваіх работнікаў.

«Гэта грубае парушэнне 34-га артыкулу Канстытуцыі, паводле якога, кожны грамадзянін мае права атрымоўваць інфармацыю ды распаўсюджваць яе», – даводзіць праваабаронца Барыс Бухель.

Асобныя выпадкі пацвярджаюць агульную тэндэнцыю ў краіне. Некалькі тыдняў таму на дзяржаўным тэлебачанні міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч востра выказаўся на адрас тых, хто наважыўся распаўсюджваць інфармацыю пра міліцэйскую сваволю.

«Адбываецца падтасоўка фактаў і адкрытая хлусня. З таго часу, як зʼявіўся друкавальны станок у друкарскай фарбе пасяліўся дʼябал. Я магу перафразаваць: з таго моманту, як зʼявіўся кампʼютар – у медыяпрасторы зʼявілася такая інфармацыя», – упэўнены міністр Унутраных справаў Беларусі.

Але і пацвердзіць абсалютнай сумленнасці сваіх падначаленых міністр не здолеў. З ягоных словаў стала вядома, што ўсе працаўнікі ДАІ будуць праходзіць праз дэтэктар хлусні. На той час траціна міліцыянтаў не здала гэтага тэсту.

Ян Бабіцкі, «Белсат»