Магілёўскі шматпавярховік: стрэшкі над пад'ездамі могуць абрынуцца


Мы часта расказваем пра праблемы дамоў, на капітальны рамонт якіх жыхары плацілі дзесяцігоддзямі, а цяпер, калі будынкі развальваюцца, іх не рамантуюць. Гэтак у адным з магілёўскіх шматпавярховікаў гніюць стрэшкі над падʼездамі. Жыльцам даводзіцца кожны дзень уваходзіць і выходзіць з падʼезду з думкаю, што стрэшка можа абрынуцца на галаву. Скаргі не дапамаглі, жыхары вераць, што дапаможа розгалас іхнай праблемы.

«Усё іржавае, усё адвальваецца, не пафарбаванае, нічога!»

Жыхары дому нумар 194 па вуліцы Крупскай у Магілёве скардзяцца на стан уваходу ў падʼезд і брылі над дзвярыма:

«Звярніце ўвагу на гэты брылёк, пад якім вуглом ён тут стаіць, бачыце які тут ухіл».

«Не дай бог гэтая махіна зваліцца – будзе катастрофа».

«Як я магу зайсці з дзіцём і з вазком? Гэта ж у цёмны час можна ногі паламаць», – паказваюць праблемныя месцы жыхары.

Калі нават у іншым падʼездзе і ёсць спуск для вазка, справы гэта не паляпшае.

«Вось падʼёмнік. Уявіце сабе вазок, як гэты вазок падняць і закаціць і як спусціць. А да таго яшчэ і вось гэтая яміна, яна мне перашкаджае, тут накопліваецца вада», – распавядае жыхарка дому Елізавета Лянёва.

Цяжка заходзіць у падʼезд і сталым людзям, якіх тут пераважная большасць. Канструкцыі, якія не толькі падтрымлівалі стрэшку над падʼездам, але і служылі парэнчамі, разабралі ды вывезлі.

«Раней пісалі ліст у ЖЭУ, яны абрэзалі гэтыя краткі, бо тыя пачалі гайдацца, а дзеці лазілі, гулялі, то каб дзіця не пацярпела, іх абрэзалі і прыбралі», – тлумачыць жыхар дому Сяргей Еўдакімовіч.

Неўпарадкаваная і тэрыторыя ля дому. Пасярод дзіцячай пляцоўкі – яміна, паміж плітамі на ходніках вялізныя шчыліны, на ўвесь двор – толькі адзін ліхтар. У камунальнікаў на ўсе пытанні жыхароў адказ адзін – на рамонт няма грошай.

«У гэтым годзе там работы не запланаваныя, калі выдзяляць дадатковае фінансаванне, то зробім. Увесь жылфонд разбіты і разбураны, але грошы… Гэтыя работы выконваюцца за кошт сродкаў бюджэту. Колькі нам даюць, столькі мы і робім. У гэтым годзе зусім мала выдзелілі», – адзначае працаўніца ЖЭУ-9.

Магілёўскі праваабаронца Уладзімір Краўчанка адзначае, што праблема нядобраўпарадкавасці датычыць большасці жыхароў гораду, а стварылі яе мясцовыя ўлады:

«Створаныя карупцыйныя схемы ў горадзе Магілёве, і жыхары ўжо не маюць ніякага дачынення да грошай, якія збіраюць з жыхароў на тэхнічнае абсталяванне, на капітальны рамонт».

Гэтыя сродкі, на думку праваабаронцы, выкарыстоўваюцца не па прызначэнні, а на стварэнне бессэнсоўных помнікаў ці безгаспадарчае планаванне паркавых зонаў. Уладзімір Краўчанка раіць жыхарам актыўна змагацца за годныя ўмовы жыцця:

«Толькі калектыўным зваротам, выкарыстоўваючы закон пра звароты грамадзянаў, можна дабівацца вырашэння жыллёвых праблемаў свайго дому».

Паводле праваабаронцы, менавіта там, дзе праблему агучваюць, яна пачынае развязвацца.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu