Магілёўская кавярня, дзе ўсе кававары – на вазку


У Магілёве ўжо колькі тыдняў працуе інклюзіўная кавярня. Усе кававары ў ёй – на вазку. Пачаць свой уласны бізнес магілёўцам дапамог вазочнік з Ліды Саша Аўдзевіч, які правёў для іх курсы «Інклюзіўны барыста» і дапамог з арэндай абсталявання. Падрабязнасці – у Вольгі Васільевай.

Ранішнія практыкаванні не для слабых – спусціцца на вазку з пятага паверху хрушчоўкі. Для магілёўца Змітра Архіпенкі – штодзённасць. Падымаецца наверх ён таксама без чыёйсьці дапамогі:

«Вельмі цяжка ў плане, калі ездзіць на нейкае сумоўе, калі ў цябе няма аўта, ты жывеш на пятым паверсе – гэта трэш. Плюс бальшыня ў нас такіх прадпрыемстваў, якія не прыстасаваныя для вазочнікаў: недзе няма прыбіральні, недзе – пандуса, нікому ты проста на фіг не патрэбны».

Але цяпер Дзіма мае дзеля чаго выходзіць з дому, няхай і праз 98 прыступак. Разам з яшчэ двума вазочнікамі ён адкрыў першы ў горадзе інклюзіўны пункт продажу кавы і працуе там барыстам. Мабільная кавярня месціцца на другім канцы гораду ў гандлёвым цэнтры «Парк-Сіці», што на Менскай шашы. Сёння чарга варыць каву Дзімавага напарніка – Андрэя Царанкова:

«У нас жа былі курсы 4 дні ў кавярні «Палерма», Саша Аўдзевіч прыязджаў, навучаў нас. Ну, у прынцыпе, чатырох дзён для базавага курсу можа быць і замала нават. Далей самыя ўжо нешта пыталі, званілі, цікавіліся».

Перад тым, як стаць інклюзіўным кававарам, Андрэй 5 гадоў быў без працы. Спачатку – рэабілітацыя пасля траўмы, далей – курсы аператара ПЭВМ, спроба ўладкавацца мадэратарам на сайце, але ўсё не тое. Пакуль вазочнік з Ліды Саша Аўдзевіч не зладзіў у Магілёве школу «Інклюзіўны барыста». Ганна Іванова ўзгадвае:

«Такая ідэя ў Сашы ўзнікла менавіта ў Магілёве за кубачкам кавы. Ён кажа: «О давай, крута, зараз паедзем да дырэктара гандлёвага цэнтру і паспрабуем развязаць гэтае пытанне». Гэта ўсё ўзнікла ў нас вельмі спантанна і хутка. І, дарэчы, за кубачкам кавы».

І развязалі. Аляксандр дапамог з арэндаю не толькі плошчы, але і працоўнага абсталявання, забяспечыў каваю. Заставалася толькі працаваць. Ганна Іванова кажа:

«І калі ты любіш каву, калі табе гэта падабаецца, калі ты гатовы стасавацца з людзьмі кожны дзень, то можна спрабаваць».

Ганна – прафесійная танцорка на вазку, мае спартовыя ўзнагароды, але таксама ўцягнулася ў праект. У міні-кавярні займаецца бухгалтэрыяй і маркетынгам. Яна мела працу яшчэ да праекту і таму разумее, наколькі гэта важна.

«Гэта ў першую чаргу магчымасць працаўладкавацца і быць запатрабаваным у грамадстве. Рабіць нешта карыснае і самасцвярджацца за кошт таго, што ты будзеш прыносіць карысць, сплочваць падаткі, атрымліваць нейкую аддачу ў выглядзе заробку, утрымліваць сваю сям’ю», – кажа Ганна Іванова.

А яшчэ – варыць смачную каву. У мабільнай кавярні прапануюць увесь звычайны асартымент напояў… за зніжаныя кошты. Кліенты кавярні дзеляцца меркаваннем:

«Малайцы, што знайшлі, чым заняцца на вазках. Бо цяжка знайсці што рабіць. Так пазітыўна – людзі пры справе».

«Нават прыемна бачыць гэта, і калі сумленна, будзем зараз першы раз каштаваць».

«Гэта праект, я думаю, паказальны для ўсіх, што не трэба сядзець удома, не трэба наракаць на лёс. Трэба проста ўзяць прыдумаць і працаваць».

«Яны прадаюць добрую каву, я люблю такую, як яны гатуюць, з кіслінкаю».

Цяпер барысты з інклюзіўнай кавярні падаюць заяву ў раённую адміністрацыю на рэгістрацыю індывідуальнага прадпрымальніцтва. Ганна Іванова кажа:

«Мы апраўдалі ўсе выдаткаваныя на нас або панесеныя на нас затраты лідскай арганізацыяй, здолелі зарабіць сабе на арэнду наступнага месяца. Адклалі гэтую суму. Таму мы пастанавілі працягнуць гэты бізнес».

Пагатоў цэнтр занятасці абяцаў камандзе інклюзіўных кававараў бязвыплатную субсідыю.

Вольга Васільева, belsat.eu