Сёння твой найлепшы сябар – заўтра бадзяйся па вуліцах.
Магілёўскае таварыства аховы жывёлінаў «Добрае сэрца» зладзіла суботнік – каля вальераў мясцовага прытулку для бадзяжных сабак сабраліся не толькі магілёўцы, але і байкеры з Віцебску, Талачына, Шаркаўшчыны.
«Мотаклуб называецца «Псы Дарог», таму гэта і нашая справа. Так, мы любім жывёлін, асабліва сабак, таму гэта добрая справа», – кажа Ілля Забалотнікаў з байк-клубу «Road Dogs MC».
Пакуль дзяржава на заканадаўчым узроўні не ўвядзе захады ўздзеяння на гаспадароў чатырохногіх, нічога не дапаможа, перакананыя адмыслоўцы. Ні прытулкі, ні валанцёры з развязаннем праблемы бадзяжных жывёлінаў самастойна не ў стане даць рады. Таму першым крокам мусіць стаць не адстрэл, а абавязковае чыпаванне і рэгістрацыя.
«Усё бадзяжныя жывёліны – гэта ў мінулым хатнія жывёлы. То бок чалавек не адчувае адказнасці і не разумее, што за тое, што ён выгнаў жывёлу на вуліцу, ён будзе адказваць – плаціць штраф, альбо будзе накіраваны на грамадскія працы», – заўважае старшыня таварыства аховы жывёлінаў «Добрае сэрца» Святлана Ярмоленкава.
Валанцёры таварыства і спецаўтапрадспрыемства «Вачыма валанцёраў» штодня кормяць, прыбіраюць і выгульваюць сабак з прытулку. Але рук не дастаткова, кожнаму гадаванцу патрэбны паўнавартасны выгул, бо ў вальеры сядзець – таксама «сабачы лёс».
Валанцёрка Вольга Каранная апісвае адзін з такіх складаных лёсаў:
«У Марты вельмі няшчасная гісторыя, яна патрапіла да нас шчанюком, і, канешне, яна не хацела заставацца сама і спрабавала выбрацца з вальера і сеткай амаль поўнасцю зняла сабе скальп. Потым доўга яе лячылі».
Дапамагаюць прытулку і жыхары Магілёва: прывозяць кашы, забяспечваюць грашыма на корм, але асабліва патрэбная дапамога, звязаная з цяжкаю фізічнаю працай – адрамантаваць падлогу, сеткі, добраўпарадкаваць выгульныя пляцоўкі.
«Канешне, карміць, прыбіраць само сабой, але хацелася б, каб гэта заканчвалася пошукам гаспадара», – адзначае валанцёрка Таццяна Угалькова.
Да працы валанцёраў можна далучыцца праз сацыяльныя сеткі. Ці пералічыць сродкі на банкаўскі рахунак. Валанцёры штомесяц сплачваюць 240 рублёў за арэнду 10 вальераў у мясцовым спецаўтапрадпрыемстве. Грошы на арэнду, як і на ўсю дзейнасць таварыства, бяруцца з ахвяраванняў.
Нумары банкаўскіх рахункаў для тых, хто хоча падтрымаць ініцыятыву (у бел.рублях):
BY19AKBB31350558402317000000
Атрымальнік плацяжу – ОО «МОЗЖ»
Магілёўскае абласное ўпраўленне № 700 ОАО «АСБ Беларусбанк»
код AKBBBY21700
УНП 790381041
Магчыма, вашае добрае сэрца дапаможа Марце ды іншым гадаванцам прытулку знайсці свой дом.
Наста Ільіна, belsat.eu