Магілёў стаў яшчэ больш «інклюзіўным»: новыя праекты для асобаў з інваліднасцю


Што такое інклюзія і каму яна патрэбная, тлумачаць два адмысловыя праекты – у Магілёве і ў сталіцы. Менская ініцыятыва «Я прыеду» падзялілася досведам з магілёўскім цэнтрам «Тэрыторыя людзей», які прымае на продаж вырабы ад асобаў з інваліднасцю. Падрабязней распавядзе Вольга Васільева.

Вы спрабавалі калісьці маляваць фарбамі па вадзе? У Магілёве зладзілі інклюзіўны майстар-клас у гэтай незвычайнай тэхніцы – эбру. Усходняя традыцыя малявання аб’яднала жанчын з інваліднасцю і без.

«Маляванне – гэта не арт-тэрапія. Няма надзеі, што я змяню іхны фізічны стан, здароўе змяню. Гэта толькі як нагода да размовы, каб прыцягнуць увагу», – кажа Эльвіра Каралёва з праекту #ЯПРИЕДУ.

Мастацтвазнаўца Эльвіра Каралёва заснавала праект «Я прыеду». Ён не навучыць людзей з інваліднасцю маляваць, а ўлучыць іх у звычайную грамадскую прастору.

«Мы спадзяемся, што жанчыны з інваліднасцю патрапяць пад нагляд жанчын паспяховых, якія нечага дасягнулі. Мы іх пазнаёмім, і адбудзецца дыялог, камунікацыя, і наладзім такую сувязь, карысную для двух бакоў», – гаворыць Эльвіра Каралёва.

Удзельніцы стваралі каляровыя ўзоры на вадзе, а пасля рабілі адбіткі на паперы. Дашу на майстар-клас прывяла цётка. У дзяўчынкі – парок сэрца.

«Мне спадабалася маляваць фарбамі па вадзе. Мы акуналі аркуш у ваду і атрымлівалі прыгожыя малюнкі», – дзеліцца сваймі ўражаннямі ўдзельніца Даша.

Пакуль што ў Беларусі не стае інклюзіі ў самых розных сферах жыцця. Удзельніца майстар-класу Тамара падзялілася досведам, як аддала сына ў піцерскі дзіцячы садок з асаблівымі выхавальніцамі:

«Яго адвялі на вуліцу, пакармілі, усё супер, але нянечка была асаблівым чалавекам. І гэта не пагоршыла якасць паслуг ні на колькі».

Майстар-клас эбру прайшоў у інклюзіўным цэнтры «Тэрыторыя людзей». Гэта прыклад таго, як жаночае прадпрымальніцтва можа развіваць сацыяльны аспект.

«Тут усе роўныя, незалежна, чалавек ты з асаблівасцямі ці не. Прадукцыю набываюць людзі без асаблівасцяў, вырабляюць – людзі з асаблівасцямі», – гаворыць Алеся Цумарава, аўтарка ідэі.

Перамога на конкурсе прадпрымальніцкіх ідэяў дапамагла Алесі адкрыць адначасова і краму і навучальны цэнтр. Тут вучаць не толькі вырабляць, але і прадаваць.

«Гэта адно з памяшканняў нашага цэнтру, дзе абсталяванае вучэбнае месца, каб навучыць чалавека з асаблівасцямі вырабу сувенірнай прадукцыі», – кажа Сяргей, муж Алесі.

Часта вельмі складана адаптавацца ў грамадстве людзям з прыдбанай інваліднасцю. А людзі, якія асаблівымі нарадзіліся, робяць гэта прасцей і хутчэй.

«Я шукаў працу каля паўгода перад тым, як прыйсці сюды. Я працаваў на заводзе для людзей з інваліднасцю, але сышоў адтуль, бо там не было працы і заробку», – сведчыць Андрэй Лаўрэнаў, прадавец.

Інклюзіўнасць праектаў «Я прыеду» і «Тэрыторыя людзей» і ёсць тая разынка, якую шукаюць многія. Набытая тут карціна ці дробязь робяцца матывацыяй для людзей.

Вольга Васільева, belsat.eu