Мадура абвінаваціў у замаху апазіцыю і кіраўніцтва Калумбіі


Выбух, невялікія слупы дыму і паніка. Прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура спрабавалі забіць з дапамогаю дронаў, начыненых выбухоўкаю.

У здарэнні пацярпелі не менш як 7 жаўнераў Нацыянальнай гвардыі. Самому ж Мадура, які ў момант выбуху акурат казаў пра эканоміку, нічога не сталася. У рыхтаванні замаху ён абвінаваціў апазіцыю ды кіраўніцтва суседняй Калумбіі. Заявіў ён таксама пра затрыманне некаторых падазраваных.

«Папярэдняе расследаванне паказала, што спонсары замаху жывуць у Злучаных Штатах – у Флорыдзе. Спадзяюся на спрыянне Доналда Трампа ў змаганні з тэрарыстычнымі групамі, якія дзеюць на нашым кантыненце», – заявіў Мадура.

У калумбійскім жа ўрадзе заявы аб сваёй датычнасці да замаху зняпраўдзілі. Затое адказнасць за інцыдэнт узяла на сябе дасюль непрыкметная групоўка «фланелевыя жаўнеры» («Soldados de Franela»), якая пазіцыянуе сябе як нацыянальна-вызвольны рух.

«Мэтаю аперацыі была дастаўка да прэзідэнцкага палацу двух дронаў з выбухоўкаю C4. Беспілотнікі не дасягнулі сваёй мэты, бо іх збілі снайперы. Гэтым разам мы не дасягнулі сваёй мэты, аднак гэта толькі пытанне часу», – гаворыцца ў допісе «Фланелевых жаўнераў» у «Twitter’ы».

Сітуацыя ў Венесуэле застаецца напружаная. Апазіцыя вінаваціць Мадура ва ўзурпацыі ўлады і давядзенні эканомікі да калапсу. А вось Калумбія, якую гэтак вінаваціць Мадура, прыняла ўжо амаль паўмільёна венесуэльскіх уцекачоў.

«Мы асуджаем венесуэльскі рэжым, які прывёў да гуманітарнай катастрофы, але працягваем руку сяброўства венесуэльцам, як аднойчы Венесуэла працягвала нам», – заявіў прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас.

Узровень жыцця ў краіне з вялікімі запасамі нафты працягвае зніжацца. Узровень гіперынфляцыі правакуе літаральна штогадзінны рост цэнаў, а вось мінімальныя заробкі гэтак і застаюцца на ўзроўні некалькіх долараў. Да вялікіх чэргаў, голаду і нястачы медыкаментаў дадаліся яшчэ перабоі з пастаўкамі энергіі ды аўтамабільнага паліва.

За апошнія два гады ў Венесуэле адбыліся тысячы мітынгаў і акцыяў пратэсту. Нягледзячы на гэта, Мадура не адхіляецца ад свайго курсу: як і раней Чавэс, ён спрабуе пабудаваць у краіне сацыялізм на ўзор Кубы.

Між тым, паводле агенцтва Associated Press, якое спасылаецца на венесуэльскіх ратавальнікаў, якія былі на месцы здарэння, выбух у Каракасе мог быць не замахам, а звычайнаю дэтанацыяй побытавага газу.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»