Людзі ў масках і са зброяй – хто яны?


Беларусы заўважылі наступны этап зневажання права падчас разгону пратэстаў – так званыя «ціхары», людзі ў цывільным ужо не проста праводзяць затрыманні, а робяць гэта са зброяй і спецсродкамі ў руках. Аднак, падобна, гэта не «цітушкі», а самыя адданыя Лукашэнку працаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў.

Толькі ў сталіцы сотні тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць супраць дыктатуры Лукашэнкі ды міліцэйскай жорсткасці. Шматтысячныя мітынгі прайшлі ў рэгіёнах, ад Віцебску да Пінску. І зноўку мірныя пратэсты жорстка разганялі людзі ў міліцэйскім экіпаванні: у масках без якіх-кольвек жэтонаў. А таксама «ціхары» – людзі ў цывільным, на гэты раз з гумавымі дубінкамі ды ў бронекамізэльках. У Менску яны жорстка збівалі людзей, якія спрабавалі збегчы. Увесь свет абляцелі кадры, як мужчына ў цывільным і кепцы Міністэрства ўнутраных справаў бʼе вітрыну кавярні «OPetit» гумавай дубінкай.

«Людзі пачалі забягаць – мы замкнулі дзверы. Потым 15-20 чалавек у масках падышлі сюды і пачалі забіраць людзей. Забралі некалькі чалавек», – распавёў працаўнік кавярні «OPetit».

Міністэрства Юрыя Караева прызнала, што іх падначаленыя штурмавалі кавярню, каб затрымаць людзей. А мужчыну з дубінкай хутка апазналі – гэта Мікалай Карпянкоў, начальнік ГУБАЗіК – Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

Мікалай Карпянкоў ужо ўдзельнічаў у разгонах праціўнікаў Лукашэнкі. Напрыклад, у 2006-м годзе страляў з пісталета па машыне прадстаўнікоў кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Казуліна – проста каля аддзелу міліцыі. А ў гэтую нядзелю падначаленыя Карпянкова ў масках і бронекамізэльках – працаўнікі ГУБАЗіКу – перакрывалі ў Менску вуліцы вайсковымі пазадарожнікамі. Адзін з сілавікоў быў з цывільным драбавіком, але ўсе – не ў форме.

«Мы маем справу з публічным масавым мерапрыемствам. Таму грамадзяне мусяць дакладна разумець: хто перад імі знаходзіцца, якія законныя патрабаванні і чые яны мусяць выконваць», – тлумачыць кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

А сёння ля кавярні «OPetit» утварылася вялікая чарга грамадзянаў. І вось што яны кажуць:

«Мы з Каменнай Горкі з сяброўкай прыехалі. Адмыслова падтрымаць хлопцаў, зрабіць ім прыемна».

«Я хачу падтрымаць людзей, якія дапамаглі, зачынілі дзверы, калі бандыты ў масках без апазнавальных знакаў ужывалі гвалт».

«Адзінае, што нам застаецца, гэта падтрымліваць адно аднога. Таму што мы засталіся без дзяржавы. Мы самі цяпер дзяржава».

Менчукі і госці сталіцы не раз прапаноўвалі працаўнікам кавярні аплаціць новыя вітрыны, але тыя кажуць: лепш прыходзьце да нас піць каву.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»