Людзі просяць вярнуць закрытую школу – чыноўнікі пагражаюць ім вар'ятняй


Навучальную ўстанову закрылі сёлета праз аварыйны стан будынку. Незадаволеных вяскоўцаў чыноўнікі пагражаюць пакласці ў вар’ятню.

Прычынаю закрыцця школы стаўся абвал столі на месцы былой печкі. З верасня мясцовыя дзеці вымушаныя ездзіць у суседнюю вёску. Мясцовыя жыхары вельмі просяць улады адрамантаваць будынак у іхным аграгарадку і нават гатовыя дапамагчы.

Бацькі пастанавілі дзеяць і пачалі пісаць чыноўнікам. Роза Стрэльчанка як прадстаўніца бацькоў ездзіла нават у Адміністрацыю прэзідэнта, але там яе не прынялі і назвалі апазіцыянеркаю. Па вёсцы пайшлі чуткі, што ў будынку школы могуць зрабіць лесапілку. Пазней Роза Стрэльчанка пайшла на прыём у Гомельскі аблвыканкам, але там на яе выклікалі псіхіятраў. А бацькам, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, пачалі прыходзіць пагрозы.

Спадарыні Розе пагражаюць вар’ятняю, калі яна не перастане адстойваць інтарэсы бацькоў. Спачатку кабеце тэлефанавалі, а потым дасылалі паведамленні абразлівага зместу.

Жыхары вёскі Каплічы абураныя такім стаўленнем начальства да іхных просьбаў і вельмі спадзяюцца на справядлівасць. Мясцовыя дзеці ж хочуць, каб ім вярнулі школу і не прымушалі штодня пераадольваць доўгую дарогу.

Вітаўт Сіўчык