«Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех». Прэм'ера ў Віцебскім беларускім тэатры


Віцебскі беларускі тэатр «Лялька» адкрыў 34-ты сезон прэм’ерай. У спектаклі «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех» паводле твору Джэймза Круса – размова пра вечнае.

Знаёміць з прэм’ерай кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру Людміла Сіманёнак:

«Кожнага з нас, і маладога, і сталага, і нават вельмі сталага чалавека на дарозе сустракае шмат спакус, і спектакль «Лялькі Ціма Талера або Прададзены смех» – пра тую ж страчаную ў пагоні за нейкімі дабротамі чалавечую душу, чалавечую радасць».

Добры і злы. Падлетак Цім Талер і барон Троч (наадварот чытаны як Чорт). І пытанні: ці ўсё ў свеце можна набыць за грошы? Колькі каштуе шчасце? І чаму аповед пра смех не заўсёды вясёлы? Адказы шукаў рэжысёр Міхась Клімчук:

«Згода, дабрыня і шчасце да грошаў ніякіх адносінаў не маюць. А смех мае, ды яшчэ якія! Смех – гэта ўсё чалавечае, што ў нас ёсць. Гэта сумленне, дабрыня, каханне. Вось усё гэта да грошаў ніякіх адносінаў не мае».

Пастаноўка, хоць навінка, мае сваю перадгісторыю, бо на сцэну «Лялькі» спектакль трапіў дзякуючы менавіта падлеткам, кажа Міхась Клімчук:

«Мой сын чытаў гэты твор улетку, ім гэта на лета задалі. Ён прыходзіў і мне расказваў гэтую гісторыю, а я таксама калісьці ў школе чытаў, і я падумаў – а цікавая гісторыя. Перачытаў, спадабалася, прыйшоў да Волі Прусак, папрасіў напісаць пʼесу, яна напісала. Усё банальна проста».

Пастаноўшчык Міхась Клімчук – актор тэатру «Лялька». Гэта ягоная чацвёртая рэжысёрская праца. У новых іпастасях і іншыя: лялькі ды строі ўпершыню ствараў мастак-канструктар тэатру Дзмітрый Гаралевіч, звычайна адказны за маштабныя дэкарацыі. А адаптавала грунтоўную аповесць для сцэны віцебскі драматург Вольга Прусак – гэта для яе дэбют інсцэнізацыі:

«Твор сапраўды вельмі цяжкі быў для інсцэніроўкі, таму што вельмі такая складаная канва сюжэтная, вельмі шмат сюжэтных лініяў, і прыйшлося адкідваць шмат, выбіраць нейкія асноўныя рэчы. Ну, і былі цяжкасці, канечне, але мы перамаглі, мы гэта змаглі зрабіць».

Спектакль у выніку не адпускае гледача ні на секунду, што ў першую чаргу заслуга насычанага сюжэту, адданасці выдатных актораў і бліскучай харэаграфіі ад Дзіяны Юрчанкі. І хоць асноўнаму персанажу Ціму Талеру ўсяго 14, пастаноўка захопіць і прымусіць думаць і дарослую аўдыторыю. Бо смех не ведае ўзроставых межаў.

Віктар Старавойтаў belsat.eu