«Лягу пад тэхніку і не пушчу яе сюды!» У Менску інваліды пратэстуюць супраць ушчыльнення на вуліцы Якубоўскага


Чарговае ўшчыльненне, толькі гэтым разам 16-ці павярховы двухкорпусны дом хочуць уціснуць у зоне безбар’ернага асяродку для інвалідаў па зроку. Рашэнне прыняў кіраўнік дзяржавы. Але жыхары – пратэстуюць.

Усе гэтыя людзі, жыхары дамоў на вуліцы Якубоўскага, інваліды па зроку, прыйшлі сюды, каб выказаць свой пратэст супраць будаўніцтва 16-павярховага дому на месцы, дзе яны звычайна адпачываюць.

Грамадскіх слуханняў не праводзілася, будаўніцтва запланаванае з парушэннем дэталёвага плану (ПДП) гораду, участак не абазначаны і на публічнай кадастравай мапе. Жыхары пра новы дом даведаліся выпадкова. Як аказалася, дазвол на будаўніцтва выдадзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Забудоўнік – «Завод эфектыўных прамысловых канструкцыяў», дырэктар якога – родны брат хакеіста Вадзіма Салея, які граў у камандзе кіраўніка Беларусі.

Удзельнікі сходу:

– Нам і так у вачах цемра, тут яшчэ дом пабудуюць – цемра, дык што вы хочаце, думаеце, сляпыя не хочуць свету бачыць! Што вы робіце! Ляжам тут і ляжаць будзем! І вы нам нічога не зробіце!

-Месца ім мала!

-Я таксама лягу пад тэхніку і не пушчу яе сюды!

-Не пусцім!!!

Вуліца Якубоўскага вядомая інфраструктураю для невідушчых ды людзей, якія кепска бачаць. Тут жывуць, тут размяшчаецца прадпрыемства для інвалідаў па зроку, паўсюль парэнчы. Зона пад будаўніцтва – частка безбар’ернага асяродку, тэрыторыя рэкрэацыі для невідушчых.

«Увогуле нам няма куды выйсці. Хай тады нас абцягнуць калючым дротам, па-іншаму ніяк, я бачу, як Фрунзенскі раён да нас ставіцца», – кажа мясцовая жыхарка Надзея Скуратава.

«Так клапоцяцца пра нас. А рэальна ніякага клопату няма, ні тут, ні ў паліклінікі, нідзе. Гэта ўсё хлусня», – сцвярджаюць удзельнікі сходу.

Новы дом зойме ўсю свабодную прастору, інтэнсіўнасць руху значна павялічыцца, з’явяцца новыя праезды для машын, паркоўкі. Новабуд перакрые ад сонца дом, у якім жывуць інваліды па зроку. Жыхары ўжо не ўпершыню арганізоўваюць сход, збіралі подпісы.

«Вось да, прэзідэнт вылучыў участак, але неяк дакументальна… трэба запыт пісаць, мы тут не юрысты, трэба граматны зварот скласці. Звярнуліся на Варанянскага 50, там сказалі, што калі ў вас будзе нейкая перапіска, тады мы будзем вам дапамагаць», – кажа мясцовы жыхар Дзмітрый Бадун.

Звычайна, дазвол на будаўніцтва выдае адміністрацыя раёну, які кантралюецца шматлікімі структурамі, а іх рашэнне можа быць адмененае. Указ Лукашэнкі можа быць адменены толькі самім Лукашэнкам.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»