Лукашэнку – 64. Ці задумваецца ён пра пенсію?


Сёння дзень народзінаў у нязменнага кіраўніка Беларусі. Як пачуваецца імяніннік, як сёння адчувае сябе краіна, якой ён валадарыць, і ці задумваецца ён пра сыход на пенсію? Адказы на гэтыя пытанні шукаў Аляксандр Папко.

Аляксандру Лукашэнку сёння споўнілася 64 гады. Прынамсі гэтак яшчэ нядаўна сцвярджала ягоная афіцыйная біяграфія. Сем гадоў таму Лукашэнка перанёс дату нараджэння на дзень наперад. Цяпер ён святкуе народзіны адначасова з малодшым сынам.

Менавіта паводле «старога стылю» кіраўніка Беларусі павіншавалі ягоныя калегі з Расеі ды Малдовы.

А чаго ў дзень народзінаў Аляксандру Лукашэнку зычаць беларусы?

Жыхары Менску кажуць:

«Няхай выконвае тое, што абяцае. А то чуем толькі абяцанні».

«Каб і далей кіраваў нашаю краінай і павялічваў прыбыткі насельніцтва».

«Аляксандру Рыгоравічу я б параіў прачытаць кнігу Джорджа Орўэла «1984».

«Павучыццца на скейце пакатацца і дэкрэт «аб дармаедах» адмяніць».

«Каб нам пенсіі дабавілі паболей».

«Пагоны яму пабольш на кіцелі зялёным і фуражку здаровую, як аэрадром».

«Я б пажадаў засвоіць інтэрнэт і пачытаць меркаванне народу».

«Можна я пайду далей?»

Як і чвэрць стагоддзя таму, Аляксандр Лукашэнка дэманструе перад тэлекамерамі добрую фізічную форму ды бадзёры настрой, намякаючы, што кіраваць можа яшчэ доўга.

«Добраахвотна Лукашэнка ад улады не адмовіцца, і мы, хутчэй за ўсё, будзем мець сітуацыю, падобную да скону Франка альбо Салазара ў 1970-ыя гады. І толькі пасля гэтага ўбачым новых асобаў ва ўладзе», – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Намёкі пра хуткі сыход Лукашэнкі апошнімі месяцамі пачалі з’яўляцца ў расейскіх СМІ. Папулярны тэлеграм-канал «Незыгарь» заявіў, што Масква гатовая зрабіць стаўку на «новага палітыка». Распаўсюдзілі нават чуткі пра інсульт Лукашэнкі.

«Сёння, я думаю, найбольшую трывогу ў Лукашэнкі выклікае маскоўскі ціск, чымся ўнутраная сітуацыя ў Беларусі, якая ў дастаткова моцнай ступені кантралюецца сённяшнім рэжымам», – працягвае Андрэй Ягораў.

Нават калі кіраўнік Беларусі адчувае сябе бадзёра, гэтага нельга сказаць пра беларускую эканоміку. Восем гадоў таму Лукашэнка паабяцаў дацягнуць сярэдні заробак да пяцісот долараў. Аднак утрымаць гэтую планку так і не ўдалося. Запавольванне эканамічнага развіцця Расеі пагрузіла Беларусь у стагнацыю. Дзяржаўныя прадпрыемствы выцягнуць эканоміку не могуць.

«Гэта дыспрапорцыі, якія накапіліся за доўгія гады ў эканоміцы, і велізарная запазычанасць, якую невядома каму ды як аддаваць», – кажа галоўны рэдактар сайту «Наше мнение» Анатоль Панькоўскі.

Тры гады таму ўлады Беларусі спынілі друкаваць грошы, бо ранейшая стратэгія вычэрпвала золатавалютныя рэзервы і рэгулярна абвальвала рубель. Аднак эканамічная мадэль засталася нязменная: дзяржава кантралюе ўсе гаспадарчыя працэсы, а прыватная ініцыятыва дыскрымінуецца.

«У папярэднія фазы крызісаў эканамічныя дыспрапорцыі не былі зліквідаваныя. Рэструктурызацыя эканомікі не была праведзеная. І мы бачым, як унутры старой эканомікі ствараецца новая эканамічная рэальнасць у выглядзе Парку высокіх тэхналогіяў», – працягвае Анатоль Панькоўскі.

Замены галоўнага ньюзмэйкера Беларусі не чакаюць ні простыя грамадзяне, ні аналітыкі. Аднак палітыка постсавецкай прасторы поўніцца неспадзяванкамі. І гэта нядаўна даказала мірная рэвалюцыя ў Арменіі.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Vasily Fedosenko/ Forum